Пакуль існуе Расея ў сваім цяперашнім выглядзе, пагрозы распаду Эўрасаюзу няма.

«Малая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь» была апублікаваная ў «Нашай Ніве» ўсяго за дзень да таго, як на саміце ў Брусэлі вырашыўся лёс канстытуцыі эўрапейскай. Фактычна, замест яе будзе дзейнічаць Хартыя (базавае пагадненьне). У яе тэксьце ня згадваюцца сьцяг і гімн Эўрасаюзу, але ўводзіцца пасада прэзыдэнта, які будзе абірацца Радай міністраў на два з паловай гады, а таксама Вярхоўнага прадстаўніка ЭС у справах зьнешняй палітыкі. Пагадненьне пачне працаваць напоўніцу празь дзесяць гадоў, але ўжо ў 2014 г. будзе абраны першы прэзыдэнт.

Зразумела, параўноўваць тэксты Малой Канстытуцыі і эўразьвязаўскага дакумэнту не выпадае. Надта ў розных гістарычных вымярэньнях і рэаліях жывуць сёньня РБ і ЭС. Самі распрацоўшчыкі беларускага дакумэнту падкрэсьлівалі, што ён ствараўся, так бы мовіць, навырост. Так што ацаніць яго значэньне змогуць, хутчэй за ўсё, будучыя гісторыкі.

«Адзін за ўсіх — і ўсе на аднаго»

Саміт у Брусэлі назвалі адным з самых цяжкіх у гісторыі ЭС. Да апошняга дня невядома было, ці змогуць 27 дзяржаваў супольнасьці дамовіцца пра Канстытуцыю. Польшча і Вялікая Брытанія цьвёрда адстойвалі свае пазыцыі — Польшча выступала супраць прынцыпу «падвойнай большасьці» пры галасаваньні ў Радзе міністраў (рашэньне лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавалі ня менш за 55% краінаў‑сябраў ЭС і 65% насельніцтва). Вялікая Брытанія выступала супраць спасылкі на Эўрапейскую хартыю правоў чалавека. У выніку брытанцы дамагліся свайго. Акрамя іншага, Англія пакінула за сабой права весьці самастойную міжнародную палітыку і палітыку ў галіне падаткаў.

Польшча пайшла на кампраміс. Пры захаваньні прынцыпу «падвойнай большасьці» краіны, якія апынуцца ў меншасьці, могуць адкласьці выкананьне прынятых рашэньняў.

Трэба адзначыць, што пытаньне Эўрапейскай Канстытуцыі было адным з галоўных прыярытэтаў, абвешчаных канцлерам Ангелай Мэркель падчас старшыняваньня Нямеччыны ў ЭС. Адным з, але не адзіным. Яшчэ больш важным пытаньнем была і застаецца эўрапейская энэргетычная бясьпека. І галоўнай праблемай тут застаюцца рознагалосьсі Нямеччыны з Польшчай наконт будаўніцтва Паўночнага газаправоду, які расейскі «Газпром» разам з кансорцыюмам нямецкіх (і ня толькі) фірмаў зьбіраецца пракласьці на дне Балтыйскага мора. Правы ўрад Польшчы лічыць, што нямецка‑расейскае пагадненьне, дасягнутае за яго сьпінай, пагражае энэргабясьпецы Эўропы. Урад Мэркель настойвае: плянаў будаўніцтва, па‑першае, ніхто не хаваў, а па‑другое, што згаданы газаправод акурат і будзе служыць інтарэсам энэргабясьпекі ня толькі Нямеччыны, але Эўропы ў цэлым.

Тут гаворка не пра дачыненьні Расеі з Эўропай і падступныя пляны «Газпрому». І нават не пра «Гданьскі калідор», які стаў некалі прадвесьнікам Другой Сусьветнай вайны. Ніхто сёньня ня стане абвінавачваць Нямеччыну ў нейкіх агрэсіўных плянах ці ў нацыянальным эгаізьме. Урэшце, сам факт кампрамісу ў пытаньні Канстытуцыі ЭС, які можна лічыць асабістым посьпехам А.Мэркель, гаворыць аб тым, што яна і нямецкі кааліцыйны ўрад выступаюць прыхільнікамі эўрапейскай інтэграцыі.

Польшчы ж дагэтуль, як падаецца, уласьцівы пэўны рамантызм у міжнароднай палітыцы. Можна прыгадаць, як былы кіраўнік правага кабінэту міністраў Казімеж Марцінкевіч, папярэднік цяперашняга прэм’ера Яраслава Качыньскага, выступіў з сэнсацыйнай прапановай — стварыць у Эўропе Пакт энэргетычнай бясьпекі. У прэсе яго назвалі «Пактам мушкецёраў», бо ў аснову энэргетычнай салідарнасьці, так бы мовіць, прапанавалася пакласьці славуты прынцып: «Адзін за ўсіх — і ўсе за аднаго!» Але ж менавіта радзіма аўтара «Трох мушкецёраў» Дзюма — Францыя — першай дыстанцыявалася ад рамантычнай польскай прапановы.

Даволі хутка стала зразумела, што ў пытаньні энэргабясьпекі, асабліва калі вядзецца пра газ і нафту, буйныя эўрапейскія краіны кіруюцца ў першую чаргу прынцыпам «кожны за сябе». ( І дзеля нацыянальных інтарэсаў іх урады гатовыя ісьці на зьдзелку хоць з д’яблам, хоць з «Газпромам».) І толькі потым ужо яны шукаюць кампрамісу зь іншымі краінамі ЭС.

А ў дачыненьні да Польшчы атрымалася зусім ня так, як у Дзюма. Усе накінуліся на аднаго.

«Сьвет сьветаў»

Знайсьці гэты кампраміс — справа неверагодна цяжкая. Хаця б таму, што Эўрапейскі Зьвяз, у адрозьненьне ад Савецкага Саюзу, ня ёсьць дзяржавай, усе нацыянальныя часткі якой кіруюцца з аднаго цэнтру. Пры ўсёй моцы бюракратычнай машыны, створанай за гады эўраінтэграцыі ў Брусэлі, не тамтэйшыя чыноўнікі вызначаюць палітыку краінаў ЭС, але выбарцы, якія, згодна з нацыянальным заканадаўствам сваіх краінаў, абіраюць нацыянальныя парлямэнты, а таксама фармуюць Эўрапарлямэнт, ад якога залежыць палітыка Зьвязу. Наколькі нацыянальная бюракратыя, якая непазьбежна фармуецца пры любым ладзе, лепшая ці горшая за эўразьвязаўскую — гэта пытаньне з разраду сафістыкі.

Падабенства ЭС з СССР у іншым. СССР называлі «сьветам сьветаў». Зыходзячы з выразнай розьніцы культураў і мэнталітэтаў народаў савецкіх рэспублік, наяўнасьці «нацыянальнай праблемы» (дакладней праблемы самавызначэньня нацыяў), савецкі дысыдэнт Андрэй Амальрык прадказаў яшчэ напачатку 70‑х хуткі распад імпэрыі.

Да цяперашняй Эўропы ў яшчэ большай ступені падыходзіць назва «сьвет сьветаў». Калі да Эўразьвязу далучацца Сэрбія, Турэччына, а потым і Ўкраіна, гэтая супольнасьць будзе нагадваць мадэль усяе плянэты з усімі яе канфэсіямі, этнічнымі, расавымі ды іншымі супярэчнасьцямі. Ці азначае гэта, што ЭС пад ціскам праблемаў абавязкова распадзецца, як СССР?

Думаецца, пакуль існуе Расея ў сваім цяперашнім выглядзе, кіраўніцтва якой апантанае паранаідальнай ідэяй аднавіць моц былога СССР і зноў падмяць пад сябе краіны Балтыі, аднавіць «сфэры ўплыву», такой пагрозы няма. Чым больш Масква будзе нарошчваць энэргетычныя ды іншыя мускулы (паводле выразу амэрыканскага сэнатара Лантаса, «жэрці шпінат», як матрос Папай з мультфільму), тым больш Эўропа будзе імкнуцца да паглыбленьня інтэграцыі ды выпрацоўкі супольнай палітыкі ў галіне энэргетычнай бясьпекі, абароны, міграцыйнага і працоўнага заканадаўства і г.д.

Стварэньне супольнай эўрапейскай Канстытуцыі, як выявілася, тут не галоўнае. Канстытуцыя ўвогуле ня ёсьць галоўным ці нават неабходным элемэнтам заходняй дэмакратыі. У розных краінах гэты дакумэнт, прыняты на розных этапах гісторыі, адыгрываў розную ролю. Польшча, напрыклад, ганарыцца тым, што пры канцы XVIII ст. яна прыняла першую ў Эўропе канстытуцыю. Канстытуцыя ФРН, на падставе якой была прынятая і дзеючая канстытуцыя аб’яднанай Нямеччыны, стваралася ў постакупацыйны пэрыяд, з дапамогай амэрыканскіх юрыстаў. Яна прызнаная экспэртамі адной з найбольш дэмакратычных канстытуцыяў сьвету. Прынамсі, гэты дакумэнт наўрад ці ў чымсьці саступае канстытуцыі Рэспублікі Польшча, у якой у 1992 г. была прынятая Малая Канстытуцыя, а потым яшчэ пяць гадоў дзейнічалі адразу тры (!) Асноўныя законы краіны. У прэамбуле цяперашняй канстытуцыі РП гаворыцца аб хрысьціянскай спадчыне польскае нацыі. Такога ж запісу польскі ўрад дамагаўся і ў прэамбуле эўрапейскае канстытуцыі. Але яна не прынятая. І наўрад ці калі будзе прынятая. Ня будзе й прадмету для далейшых спрэчак. І Турэччына з Альбаніяй гэтым пытаньнем могуць пакуль не турбавацца.

А ёсьць дэмакратычныя краіны, дзе ўвогуле няма пісанай канстытуцыі. Прыклад — Вялікая Брытанія.

Днямі можна было назіраць па тэлевізіі, як Тоні Блэр адзін з апошніх разоў выступаў у якасьці прэм’ера ў брытанскім парлямэнце — як ён адбіваў рэплікі з лаваў апазыцыі, як усьміхаўся дасьціпным жартам апанэнтаў, як рэагавалі ўхвальным грукатам ці незадаволеным мычэньнем дэпутаты.

Парлямэнт, насамрэч, гэта ня толькі гаварыльня, гэта сапраўдная бойка, дзе замест кулакоў трэба ўмець карыстацца словам. Амаль кожны выступ аратара — гэта як выхад на рынг: удар можна атрымаць у любую хвіліну зь нечаканага боку, ды не ад аднаго спаборніка, але ад многіх адразу. Няма й гаворкі пра тое, каб выйсьці на рынг непадрыхтаваным — накдаўн, а мо й накаўт забясьпечаны. Так што мала назваць нейкі сход парлямэнтам і запусьціць туды дэпутатаў. Патрэбныя, прынамсі, некалькі стагодзьдзяў (столькі ж, колькі патрабуецца, каб вырас сапраўдны ангельскі газон) палітычнай барацьбы партыяў, патрэбныя вольная прэса і незалежныя суды, каб парлямэнт зрабіўся парлямэнтам, а ня сходам. І тады канстытуцыя будзе справай другаснай.

Пачакаем дзьвесьце гадоў

Размова тычыцца палітычнай культуры нацыі, якая непарыўна зьвязаная з культурай нацыянальнай.

За што польская прэса нядаўна спляжыла віцэ‑прэм’ера, міністра адукацыі Рамана Гертыха? Гэты інтэлігентнага выгляду палітык, лідэр крайне правай каталіцкай «Лігі польскіх сем’яў» спрабаваў пайсьці шляхам сваіх калегаў у Беларусі — заняўся пераглядам школьных праграмаў літаратуры. У выніку са школьных праграмаў было рэкамэндавана выкінуць Гётэ, Дастаеўскага, Кафку. А выдатны сатырычны твор польскага пісьменьніка Вітальда Гамбровіча «Транс‑Атлянтык» (1953 г.), у якім высьмейваюцца стэрэатыпы й штампы польскай народнай культуры, падаўся міністру непатрыятычным. І ён параіў замяніць яго на больш патрыятычныя, хоць і нашмат меней цікавыя зь літаратурнага гледзішча творы Генрыка Сянкевіча. Фактычна ўся творчая польская інтэлігенцыя, незалежна ад палітычных поглядаў, паўстала супраць такога «літаратуразнаўства».

Здавалася б, гэты прыклад ня мае ніякага дачыненьня да тэмы канстытуцыі. Але, па‑першае, ён гаворыць аб тым, што самыя лепшыя канстытуцыі ў сьвеце не гарантуюць, што да ўлады ня могуць прыйсьці ўсялякага роду кар’ерысты, прайдзісьветы, рэлігійныя артадоксы і проста дурні. Палітыкаў вылучае маса, і вылучае, як правіла, тых, хто не асабліва на яе тле вытыркаецца. Тым ня менш, у нармальных дзяржавах праходзіць пэўны час, і выбарцы, расчараваныя абранай імі ўладай, выбіраюць сабе новую. А з новай палітыкай прыходзяць і новыя праблемы, новыя выклікі. І так будзе заўсёды. (І вось тут патрэбная канстытуцыя, у якой зафіксаванае права ўсіх грамадзянаў на свабодныя і справядлівыя выбары).

Па‑другое, Польшча — толькі адзін, хоць і самы яскравы прыклад таго, як складана праходзіць працэс грамадзкіх пераўтварэньняў у постсавецкіх краінах, а тым больш — іх інтэграцыі ў Эўропу. Эўропу, якая ўся складаецца з унікальных паводле сваёй культуры, гісторыі, мовы, традыцыяў і звычаяў народаў.

Складзецца некалі гэтая мазаіка ў нейкую прыгожую агульную карціну — сказаць цяжка. Гісторыя ня мае мэты. І кожная асобная нацыя зусім не абавязкова марыць пра тое, каб стацца часткай чагосьці нібыта большага за яе. Як ні парадаксальна, гісторыя кожнай нацыі больш каштоўная, чым гісторыя якой заўгодна інстытуцыі — хоць бы такой значнай, як Эўразьвяз. Яны, гэтыя нацыі, фармуюць зьвяз, а ня зьвяз фармуе іх.

Іншая справа, што ёсьць супольныя каштоўнасьці эўрапейскіх народаў, якія нават і ня трэба запісваць у канстытуцыі. Зразумела, можна згадаць падставовыя правы чалавека, можна згадаць таксама права на працу, на адпачынак, на жыльлё, як гэта рабілася ў канстытуцыях савецкіх. Але нават асноўныя правы чалавека застануцца толькі на паперы, пакуль грамадзтва не гатовае прыняць іх як нешта натуральнае і неад’емнае, неабходнае ў рэальным жыцьці.

Што б ні распавядала БТ пра Польшчу ці Нямеччыну, якім бы брудам ні палівала заходнюю дэмакратыю, Эўразьвяз ці ЗША, кожны нармальны чалавек у глыбіні душы ведае — там свабода. Тут яе няма.

А каб стаць свабоднымі, ня трэба чакаць ніякіх канстытуцыяў, ці выбараў, ці лідэраў. Трэба штодзённа ў сваім жыцьці самім падтрымліваць ці тварыць сваю культуру, сваю гісторыю, сваю будучыню. І тады, магчыма, празь дзьвесьце гадоў, у Беларусі вырасьце свой парлямэнтарызм.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0