Напярэдадні 20 ліпеня ў «НН» трапілі дзьве незвычайна цікавыя навіны. Першая — у супрацоўнікаў Савету Міністраў пад пагрозай звальненьня зьбіраюць подпісы за падаўжэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў да 10 гадоў. Стала таксама ведама, што днямі ў дзяржаўныя газэты прыйшоў матэрыял БелТА пра ініцыятыву працоўных калектываў аб правядзеньні рэфэрэндуму. Аднак праз гадзіну матэрыял быў адкліканы. Сыстэма рыхтуецца, дае ўцечкі інфармацыі, але ні 3-га, ні 20 ліпеня кампанія не стартавала. Гэтаму могуць быць толькі два тлумачэньні. Пра першае гавораць сацыёлягі. Выбарцы больш чым скептычныя да ідэі трэцяга тэрміну і пажыцьцёвага прэзыдэнцтва.

«Ці прагаласуе народ за мяне ў 2006 годзе, гэта пытаньне», — прызнаўся А.Лукашэнка. А трэба ж не папяровая перамога на рэфэрэндуме, а чыстая. Яна б забясьпечыла інэрцыю на прэзыдэнцкія выбары і мінімізавала неабходнасьць зваротаў да народу ў наступным дзесяцігодзьдзі. Як і бясконцыя ўцечкі інфармацыі, 4-гадзінны сэанс калектыўнага гіпнозу на ўсіх тэлеканалах меў запэўніць: Лукашэнка — гэта непазьбежнасьць, трэці тэрмін — гэта непазьбежнасьць. Што б ні пыталіся журналісты, усё адно адказы будуць тыя самыя, што краіна чула ад 1996 г., і знуджаны Ўрал Рамдракавіч будзе маячыць за сьпінамі запрошаных. Шчоўкай ні шчоўкай, зьмірыцца мусова. Кіем гары не падапрэш.

Другое тлумачэньне. Пэўнасьці, якія час правя-дзеньня і фармулёўка пытаньня лукашэнкаўцам найвыгаднейшыя пры такой халоднасьці грамадзтва, у іх няма. І нічога новага, як выявілася з гаварыльні 20 ліпеня, прапанаваць краіне яны ня могуць.

Рэфэрэндум зрываюць занадта сьвядомыя грамадзяне, якія ня вераць у непазьбежнасьць. Нездарма асобныя палітыкі так ненавідзяць беларускае слова «сьвядомы».

Барыс Тумар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0