У гарадах толькі 19,8% жыхароў заявілі на перапісе, што размаўляюць па-беларуску ў сям’і. Амаль усе яны ў веку ад 50 год і старэйшыя.

Паводле апошняга перапісу насельніцтва, у 1999 г. беларусы ў нашай краіне складалі 81,2%, а 73,7% ад усяго насельніцтва назвалі беларускую сваёй роднай мовай. Гэтыя лічбы надаюць аптымізму, каля ня браць пад увагу матывацыю вызначэньня сваёй нацыянальнай прыналежнасьці і роднай мовы. Так, адны называюць сябе беларусамі на падставе нацыянальнага паходжаньня, другія — тэрытарыяльнага, а нехта зважае на нацыянальна-культурны кантэкст. Нешта падобнае тычыцца і роднай мовы. Тут лёгіка ў кожнага свая. Неадназначнасьці разуменьня можна пазьбегнуць, калі фармулёўкі пытаньняў зрабіць больш дакладнымі. Напрыклад, замест роднай мовы пытаць: «На якой мове вы найболей размаўлялі ў маленстве?» Усё гэта застаецца на ўзроўні пажаданьняў да наступнага перапісу. А на сёньня вынікі русіфікацыі ў Беларусі больш-менш аб’ектыўна можна ацаніць менавіта па прыналежнасьці жыхароў да нацыяльна-культурнага кантэксту, які вызначаецца паводле мовы ў сям’і. Нехта можа запярэчыць, маўляў, беларуска-культурны зьмест можа існаваць і ў расейскамоўнага жыхара. Так, гэта будзе таксама слушна, бо ў рэчаіснасьці маюць месца разнастайныя сытуацыі. Але трэба ўдакладніць, што ў дадзеным выпадку рэалізуецца ўсяго толькі віртуальны стан, які ёсьць вынікам асыміляцыі і ўрэшце мусіць вырашыцца альбо зьменай мовы жыхара ці яго нашчадка на беларускую, або зьменай нацыянальна-культурнага канктэксту на расейскі.

Такім чынам, амаль усё насельніцтва Беларусі ўмоўна разьмяркоўваецца па трох станах — беларуска-культурным, віртуальным, расейска-культурным. Ад таго, які стан прадугледжваецца ў канцэпцыі разьвіцьця дзяржавы, залежыць як лёс карэннага этнасу, так і нацыянальная будучыня краны. Моўная статыстыка не дае беларусам падставаў цешыцца. Толькі 36,66% ад усяго насельніцтва Беларусі заявілі, што ў сям’і яны размаўляюць па-беларуску. Зь іх 62,57% жывуць у вёсцы, і яны складаюць 74,72% ад агульнай колькасьці вясковых жыхароў. Дык і вынікае, што беларуская культура ды мова трымаюцца на выміраючай вёсцы і маленькіх мястэчках. А пра якую пэрспэктыву іх разь-віцьця ў гэтым выпадку можна казаць? Да таго ж рэшткі натуральнага нацыянальна-культурнга асяродзьдзя ўсё актыўней руйнуюцца існай сыстэмай адукацыі ды сфэрай выкарыстаньня расейскай мовы й культуры на дзяржаўным узроўні.

У гарадах толькі 19,8% жыхароў заявілі, што размаўляюць па-беларуску ў сям’і. Але самае жахлівае — амаль усе яны падчас апошняга перапісу былі ў веку ад 50 год і старэйшыя. Звычайна ў такім узросьце за сваіх дзяцей ужо не адказваюць. Іх дзеці, натуральна, асыміляваліся і трапілі ў іншы стан. Паводле самых аптымістычных прагнозаў, беларуска-культурная гарадзкая група да 2009 г. скароціцца на 20—25%. Сытуацыя беларускага этнасу, як бачым, катастрафічная ў параўнаньні зь іншымі славянскімі народамі, што маюць свае дзяржавы. Ці ўважае на гэта Камітэт па нацыянальнай бясьпецы? Спыніць працэс русі-фікацыі можна выключна непапулярнымі захадамі, падобнымі да тых, якімі нас асымілявалі. Ні аб якай дэмакратыі або лібэралізьме ў культурна-моўным пытаньні на дзяржаўным узроўні нават гаворкі весьціся ня можа. Бо ці мае хворы ў крытычным стане права выбару? Не. Яго лёс вырашаюць лекары — адмыслоўцы ў мэдычнай справе. Але гэта ўжо пярэчыць папулісцкаму характару дзяржаўнай палітыкі.

Ігар Хаменка, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0