Жудкія людзі гэтыя беларусы, Сёма!

Я гандлюю садавіной на вуліцы. Калі ўжо чым займацца ў жыцьці, дык лепш за ўсё — гандляваць садавіной. Гандаль садавіной — гэта новыя знаёмыя, вітаміны для ўсёй сям’і, пастаянныя праверкі, 10 санэпідэмстанцый, 300 кантралёраў, дзярж-нагляд, падатковая. Лепш за ўсё праверкі. Калі ёсьць праверкі, ніколі не бывае сумна.

— З заўтрашняга дня, — кажа адзін з кантралёраў пры канцы восені, — вы на вуліцы прадаваць ня будзеце. Застудзіцеся. Нікому гэта не патрэбна — ні нам, ні вам. Адпачывайце.

Таму ўзімку я не працую. Лепш за ўсё не працаваць. Адпачынак — гэта процьма вольнага часу, сон да дванаццатай, прагляд улюбёнай тэлеперадачы «Прагноз надвор’я». «Лета будзе халодным і незагарным», — гэта не прагноз надвор’я, гэта сьвятая праўда ўжо многа год. Таму я іду замаўляць летнюю турпаездку за мяжу яшчэ ўзімку. Турагент кажа:

— Куды вы жадаеце паехаць?

— На Міжземнае мора, — кажу.

— Ваў, — кажа, — Міжземнае мора! Міжземнае мора — гэта Італіва, Францыва? Ваў!

— Не, — кажу, — Міжземнае мора — гэта Ізраіль.

— А-а, — кажа, — Ізраіль. Ізраіль — гэта там, дзе аўтобусы часта ператвараюцца ў аэробусы?

— Не, — кажу, — Ізраіль — гэта там, дзе Ерусалім, пустэльні, 100 тысяч выхадцаў зь Беларусі. Ну, і вядома ж — незабыўнае, лагоднае, смарагдавае мора.

Улетку прылятаю ў Ізраіль. Сустракаюць сваякі. Адразу вязуць паказаць сьвятое для кожнага ізраільцяніна месца — накрыты стол ва ўласнай кватэры.

— Можа, — кажу, сьціпленька таропячы вочы долу, — перанясём усё на мора?

«Усё» — гэта вядро аліўе, два — гарэлкі «Кеглевіч», нясыпкая, крэпанькая такая ізраільская бульба, хатняе караоке зь Ясямі ды Алесямі, дзядзя Грыша зь Ерусаліму, цёця Міла з Хайфы. Бэк ін зэ БіэСэСаР па поўнай праграме.

— Калі выпіваць «засустрэч», — кажу яшчэ, — дык лепш за ўсё — на пікнічку ля мора. Мы што ж, не Эўропа?

З твараў сваякоў відаць, што яны не Эўропа. Яны дзікая, неўтаймаваная Азія. Ім хочацца хатняга караоке па поўнай праграме.

Лепш за ўсё пачостка з сваякамі. Заўсёды ёсьць з кім выпіць, аб чым пагаманіць, на што паскардзіцца. Усё зьедзена, вёдры здадзены. На атрыманыя грошы куплена паўвядра аліўе і столькі ж «Кеглевіча». Алеся косіць канюшыну, а Ясь крычыць над Палесьсем. Дзядзя Грыша замест Ерусаліму едзе ў Хайфу, цёця Міла замест Хайфы едзе чорце куды. З двухтыднёвага адпачынку застаецца 5 дзён.

Павал Касьцюкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0