Мне часам мроіліся ледзь чутныя галасы, і гукі менскіх муроў вабілі сваёй настальгічнай цішынёй мастацкіх майстэрань, колішняга двухпавярховага будынку — былой сынагогі, што выспай узвышалася ў суквецьці бэзу і яблынь у старым Ракаўскім прадмесьці. Сьцішаліся ў прасторы, сплывалі ў часе…

Шматпакутны дамок, што прыляпіўся на рагу Шпалернай і былой Вялікай Татарскай… Хто толькі не перабываў у гэтым дамку, хто толькі не пісаў аб ім, не бараніў яго.

Мая ранішняя вандроўка ў нядзелю на ровары прывяла мяне ў гэтае месца, дзе я правёў два дзясяткі сваіх гадоў. Тутака нарадзіліся мае «Рагнеда» і «Гусоўскі», «Дунін-Марцінкевіч» і «Сыракомля», «Колас-настаўнік» і «Максім Багдановіч». Тутака бывалі ў маёй скульптурнай майстэрні Ўладзімер Караткевіч, Васіль Быкаў. Зянон Пазьняк праводзіў тут першыя сходы Народнага Фронту…

Мінула чатыры гады, як пераехаў я ў новую майстэрню, а на Дзімітрава амаль што і ня быў… Старажытны будынак зьнесьлі, а на яго месцы паўстаў псэўдасэцэсійны чатырохпавярховы гмах зь вялікай шыльдай, на якой буйнымі літарамі пазначана, што гэта «Дзімітрава, 3».

Днямі на радыё «Свабода» чуў Валерыю Навадворскую, якая прыгадала арыгінальны погляд на паводзіны людзей у дачыненьні да ўлады. Што часам людзі сябе паводзяць як «цуцыкі»: сабака — той можа агрызнуцца ці нават укусіць, калі яго крыўдзяць, а ў «цуцыка» паводзіны вядомыя — «паводзіць сябе як цуцык»; так часам і людзі — як у нас, так і ў Расеі: улада будзе зьдзекавацца, а мы застаёмся «цуцыкамі».

Прыгадваю гэта таму, што, павольна набліжаючыся на ровары да знакамітага месца на Дзімітрава, 3, заўважыў двух сабачак; няўжо, думаю, зараз убачу Герасімаўну, якую высялялі з гэтых мясьцін, а яна патрабавала сваё: «Тутака пражыла паўвеку і ў іншае месца адсюль не паеду!»

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Алесь Шатэрнік

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0