Аналіз спажываньня прадуктаў у залежнасьці ад узроўню даходаў паказвае, наколькі абмежаваныя даходы беларусаў. Найбольш заможная група спажывае ў 2—3 разы больш ежы, чым найбяднейшая.

Багатыя зьядаюць у тры разы больш мяса, у два разы больш рыбы і агародніны, у чатыры разы больш садавіны, чым бедныя. На Захадзе з павелічэньнем даходаў сям’і спажываньне прадуктаў, наадварот, скарачаецца.

Вага расходаў на харчаваньне ў агульных выдатках беларускіх сем’яў паступова зьмяншаецца, што як быццам бы павінна адлюстроўваць павышэньне ўзроўню жыцьця ў краіне. Калі ў 1996 г. гэтыя расходы складалі 58% усіх спажывецкіх выдаткаў, дык у мінулым годзе — ужо 48%. Аднак аналіз спажываньня харчовых прадуктаў па квінтыльных групах (усё насельніцтва падзяляецца на пяць груп у залежнасьці ад узроўню даходаў) паказвае, наколькі абмежаваныя даходы беларусаў1 .

Па-першае, моцна ўражвае той факт, што вышэйшая (найбольш заможная) квінтыльная група спажывае ў 2—3 разы больш ежы, чым ніжэйшая група (найбяднейшая)! Заможныя зьядаюць амаль у тры разы больш мяса, у два разы больш рыбы, яек і агародніны, у чатыры разы больш садавіны, чым бедныя.

Пры пераходзе да кожнай наступнай квінтыльный групы павышаецца спажываньне ўсіх прадуктаў: чым больш людзі зарабляюць, тым больш ядуць. Прычым рацыён мяняецца нязначна, бо людзі не замяшчаюць танныя прадукты больш дарагімі — хутчэй яны ядуць столькі ж танных прадуктаў (хлеба, бульбы), што і бедныя, плюс спажываюць значна больш даражэйшых прадуктаў. Так, спажываньне хлеба і бульбы, вымеранае ў кіляграмах, амаль не залежыць ад узроўню даходаў.

Адзінае выключэньне — спажываньне хлеба і бульбы самымі заможнымі беларусамі: яно скарачаецца. Па гэтых прадуктах узровень спажываньня дасягнуў максымуму, і ўжо ня будзе павялічвацца, нават калі даходы грамадзян працягнуць расьці. Максымальны ўзровень спажываньня іншых прадуктаў невядомы. Мо 20% самых заможных зьядуць яшчэ больш мяса ці садавіны, калі будуць зарабляць больш.

Высновы не суцяшаюць. У заходніх краінах нават найбяднейшыя забясьпечваюць свае патрэбы ў ежы. А з павелічэньнем даходаў сям’і спажываньне прадуктаў (у кіляграмах) скарачаецца. Таму заможныя амэрыканцы шчуплыя, а бедныя — тоўстыя. У Беларусі ж нават багатыя не дасягнулі жаданага ўзроўню спажываньня прадуктаў, якія можа сабе дазволіць амэрыканская галота. Даходы ж найбяднейшых беларусаў не дазваляюць ім паўнавартасна харчавацца. Хоць да нядаўняга часу нашу краіну і адносілі да найвышэйшай групы па індэксе чалавечага разьвіцьця.

Дамінік Міхайловіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0