Гераіня карціны, 16-гадовая Кедзі Херан, якая ўсё дзяцінства правяла ў Афрыцы з бацькамі-навукоўцамі, упершыню ідзе ў цывілізаваную школу ў штаце Ілінойс.

Але норавы афрыканскай саваны — нішто ў параўнаньні са школьнымі джунглямі.

Кедзі (Ліндсі Лохан, якая мянялася з матуляй целамі ў «Чумавой пятніцы») дапамагаюць асвойтацца ў варожым сьвеце цельпукаваты гей Дэміян і готка Джэніс. Кампанія траваедных адшчапенцаў плянуе дывэрсію. Кедзі мусіць пратачыцца ў драпежную тусоўку «Баўнці» — і ўбіцца ў ласку да галоўнай школьнай сьцервы Рэджыны, каб выведаць чужынскія сакрэты. (Адзін з самых страшных сакрэтаў — чырвоная форма юрлівых і разбэшчаных сьнягурак.)

Але нават Дарвін не падазраваў, што ў выніку перайманьня дзяўчынка можа ператварыцца ў зьмяю, якая плюецца атрутай. Да таго ж, сьцервы размнажаюцца кланаваньнем, а Кедзі Херан — шматабяцальны клон каралевы.

Школа як джунглі, поліэкранныя плёткі, гутаркі ў камэру абяцаюць сакавіты гратэск, але ў паліткарэктнага жанру лёгкай камэдыі іншыя задачы. Пакладзеная ў аснову сцэнару навукова-папулярная кніга Разалінд Уайзман «Каралевы пчол і іх памочнікі: у дапамогу вашай дачцэ…» вучыла правільна жыць. Таму, калі канкурэнтку Рэджыну зьбівае аўтобус, яна ўваскрасае, каб трапіць на школьны баль і ўпотайкі дзякаваць гераіні за выхаваньне — а Кедзі раздае карону прыгажуні ўсім дзяўчынкам (кавалачак дастаўся і Дэміяну).

Калектыўнае лячэньне ад зламоўнасьці выб’е сьлёзы ў апошніх пляткарак — і кожная школьніца засвоіць, што нельга гаварыць гадасьці за сьпінамі і варта быць проста сабою. Такіх павучальных высноў карціна й дамагаецца — і робіць гэта зь лёгкім сьмехам.

Андрэй Расінскі

«Кепскія дзяўчаты» («Mean girls»)

ЗША, 2004, каляровы, 97 хв.

Жанр: Моладзевая камэдыя

Адзнака: 4,5 (з 10)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0