Парыж зь яго Пантэонам і Эйфэлевай вежай знакаміты ня столькі дзякуючы гэтым архітэктурным збудаваньням самім па сабе, а зважаючы на тое, ХТО ляжыць у Пантэоне.

Адмоўныя пачуцьці амаль ніколі не бываюць канструктыўнымі. Між тым, пачатковым штуршком да напісаньня гэтых нататак сталіся развагі аднаго вядомага журналіста. Зь іх вынікала, што Менск калі й быў местам, дык хіба толькі за часамі Ўсяслава Чарадзея. А калі ўлічыць міталягічнасьць гэтага пэрсанажа — значыць, ніколі. Ну, а калі былі ўсё-такі нейкія гарадзкія адметнасьці ў Менску, дык і яны зьніклі ў 70—80-я гады мінулага стагодзьдзя, калі сталіцу БССР канчаткова апанавалі выхадцы з разбуранай калгаснай сыстэмай й дабітай наступствамі Чарнобылю беларускай вёскі. У якасьці эмацыйнага пацьвярджэньня свайго тэзысу журналіст прапанаваў, так бы мовіць, прайсьціся па спальных раёнах сталіцы — пажадана дзесьці ўвечары, паслухаць «размовы», што гучаць з расчыненых вокнаў і асабліва пад вокнамі, зазірнуць на кухні насельнікаў панэльных шматпавярховак ці ў які-небудзь тамтэйшы ўнівэрсам. І тады, маўляў, кожнаму стане ясна, што Менск ня ёсьць горадам і ня ёсьць вёскай, а ёсьць якімсьці маргінальным, небеларускім і далёкім ад цывілізацыі сонмішчам тубыльцаў.

Насамрэч, я мог бы дадаць да гэтай змрочнай карціны яшчэ колькі чорных фарбаў. Нават у цэнтры Менску, на пляцы Свабоды ля адноўленага будынку Ратушы, ці дзе-небудзь на праспэкце Скарыны, альбо ў мэтро не пакідае адчуваньне, што ты ня ў родным Менску, а ў якой-небудзь сусьветнай унівэрсальнай і безаблічнай вёсцы. Нават мой сын, мянчук, які ажаніўся зь менскай дзяўчынай ужо ў ХХІ стагодзьдзі, са зьдзіўленьнем кажа пра тое, што ў натоўпе ўсё меней надараецца ўбачыць знаёмыя твары. Ня твары знаёмцаў, а проста чалавечыя твары, на якіх можна было б хоць што-небудзь прачытаць, акрамя жаданьня паесьці або задаволіць яшчэ якую фізіялягічную патрэбу.

Тут, праўда, трэба ўлічыць адну рэч. Усе самыя блізкія й родныя прыязныя твары, твары сяброў і сябровак мы чамусьці бачым у асноўным у дзяцінстве, і зь цягам часу яны маюць тэндэнцыю зьнікаць. Ёсьць і другая рэч. Напрыклад, Чэхія — краіна, якая і ў складзе Эўразьвязу ня страціла пакуль уласнага нацыянальнага аблічча. Але чэская сталіца зь яе архітэктурнымі цудамі куды цікавейшая сама па сабе, чымся яе насельнікі (ня кажучы ўжо пра турыстаў). Калі ласка, праедзьцеся некалькі разоў у мэтро ці на трамваі па Празе, і вы адчуеце, што пасажыры вакол вас у сваёй масе мала чым адрозьніваюцца ад тых, якіх вы бачыце штодня на станцыі мэтро «Кастрычніцкая». Больш за тое, прыкладна такое самае адкрыцьцё вас чакае ў венскім ці парыскім мэтро, з адным адрозьненьнем — там пераважаюць афрыканскія ды азіяцкія твары. Прапаную яшчэ адзін экспэрымэнт — даедзьце ў праскім мэтро да станцыі «Апатаў» і прагуляйцеся па тамтэйшым мікрараёне. Вы ня толькі пачуеце наўкол знаёмую зь дзяцінства вялікую й магутную мову, але зможаце прачытаць ляканічныя надпісы на ёй на сьценах «панэлякаў» (так называюць у Празе шматпавярховыя дамы, пабудаваныя пры сацыялізьме).

Я тут не пра глябалізацыю кажу. Я проста хачу сказаць, што ранейшыя схемы наконт маргіналізацыі беларускага грамадзтва за кошт масавага перасяленьня вясковага насельніцтва ў гарады сёньня ўжо ня дзейнічаюць. Так, гэтыя схемы даўно разглядаюцца як аксіёмы. Але таму, з майго гледзішча, і ня дзейнічаюць. Бо што такое «маргіналізацыя» й хто такія «маргіналы»? Запушчанае ў масавую сьвядомасьць публіцыстамі новай (на той час) савецкай хвалі ў канцы 70-х гадоў, слова «маргінал» сталася чарговым ярлыком — як «калгасьнік» на побытавым узроўні ці «нацыяналіст» на ідэалягічным.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0