Адміністрацыя магілёўскай камэндатуры, дзе адбывае пакараньне Артур Фінькевіч, вырашыла пакуль не выносіць хлопцу чарговага папярэджаньня.

Яго меліся вынесьці за інцыдэнт, які адбыўся 25 чэрвеня, калі хлопец пасьля адбою выйшаў у суседні пакой па валідол. Фінькевіча пакуль пакаралі лішнімі працамі па добраўпарадкаваньні тэрыторыі.

У выпадку, калі б папярэджаньне было вынесенае, то яно аказалася б чацьвёртым — і Артур мог адправіцца адбываць пакараньне ў калёнію. Зрэшты, Фінькевіча чарговы раз папярэдзілі, што ў выпадку нават рапарту міліцыянта ён накіруецца ў турму.

Дарэчы, з учорашняга дня Артур працуе на новым месцы. Цяпер ён штодня з Магілёву езьдзіць у вёску Рэчкі (Шклоўскага раёну). Там хлопец працуе на будоўлях агракамбінату «Зара». З Магілёву Фінькевіч выяжджае а сёмай раніцы, назад вяртаецца толькі а сёмай вечара.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0