Раскопкі на старажытным полацкім гарадзішчы ідуць усяго тры тыдні. Але ўжо далі некалькі сэнсацыяў.

Адна зь іх — медны крыж з выявай князя, што трымае на далоні макет храму. «На малюнку выразна прасочваюцца тры апсыды, а менавіта наша Сафія мела іх у такой колькасьці», — кажа кіраўнік экспэдыцыі, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Дук (на здымку). А хто ж князь, які трымае на далоні Сафію? Найхутчэй, сьвяты Барыс, стрыечны дзед Усяслава Чарадзея, мяркуе вучоны. Гэтая выява Сафіі — найстарэйшая са знодзеных.

Яшчэ адна знаходка — барэльеф з выявай Божай Маці, што аплаквае Хрыста. «Барэльеф датаваны канцом ХІ — пачаткам ХІІ ст., і гэта ня менш каштоўная знаходка, чымся крыж», — кажа спадар Дзяніс.

Зараз археолягі знаходзяцца над тэрыторыяй папялішча, датаванага Х ст. «Мы маем шэраг знаходак, што сьведчаць пра прыналежнасьць гэтага слою да часоў захопу Полацку наўгародзкім князем Уладзімерам», — распавядае полацкі археоляг. Большасьць адшуканых тут рэчаў — знаходкі мілітарнага характару: рэшткі зброі, наканечнікі стрэлаў, таксама ёсьць побытавыя рэчы і цацкі. Але галоўная мэта сёлетніх раскопак, першых, дарэчы, пасьля 1962 г., — адшукаць культурны пляст старажытнага Полацку IX ст., а таксама пашырыць тэрыторыю досьледаў.

Раскопкі працягнуцца да канца ліпеня. Пакуль яны прыпыненыя. Перапынак вымушаны — не хапае людзкога рэсурсу. Дагэтуль на старажытным гарадзішчы працавалі пераважна школьнікі зь мясцовых школаў. Археоляг чакае, калі скончыцца сэсія ў студэнтаў. Для працы патрэбна ня болей за 30 чалавек, бо тэрыторыя раскопак невялікая. Даводзіцца шукаць паразуменьня зь мясцовымі жыхарамі: капаюць жа на прыватным падворку. «З гаспадарамі пакуль ня сварымся», — сьмяецца Дзяніс Дук.

Сямён Печанко

Здымак Хімік-Інфо

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0