Студэнты ЭГУ засталіся сам-насам з рэчаіснасьцю, якой яны не хацелі заўважаць.

Самы радыкальны крок, на які яны наважыліся, — гэта напісаць ліст прэзыдэнту. Дзе карані пасіўнасьці?

Здымак, на якім студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску седзячы пратэстуюць супраць закрыцьця навучальнай установы, выклікае супярэчлівыя пачуцьці. Студэнты сядзяць на адлегласьці адзін ад аднаго, нібы ў мэдытацыі. Яны пратэстуюць як бы кожны паасобку, кожны сам за сябе. Ці можна ўявіць сабе больш сымбалічную для сучаснай Беларусі і больш неймаверную для Эўропы карціну?

Ня памятаю, як звалі таго хлопца зь Белдзяржунівэрсытэту. Перад тым як перайсьці вучыцца зь біяфаку на іншы факультэт, я воляю абставінаў апынуўся на кароткі час на курсе, які перад тым ужо скончыў, — сярод маладзейшых за мяне і зусім незнаёмых мне студэнтаў. Аднаго зь іх я запомніў надоўга — вось толькі імя ніяк ня ўспомню…

У той час ва ўсіх савецкіх вышэйшых навучальных установах, не выключаючы й біяфак БДУ, абавязковым прадметам была гісторыя КПСС. Своеасаблівасьць гэтай навучальнай дысцыпліны, таксама як і навуковага камунізму альбо, напрыклад, палітэканоміі сацыялізму, палягала ў тым, што веданьне прадмету, у прынцыпе, не было абавязковым. Цяперашні падручнік дзяржаўнай ідэалёгіі, дарэчы, у сэнсе мэтадалёгіі мала чым адрозьніваецца ад колішніх фаліянтаў, што выходзілі пад рэдакцыяй кандыдата ў члены палітбюро акадэміка Панамарова. Зьмест гэтага й падобнага падручнікаў гісторыі й грамадазнаўства наагул цяжка назваць ведамі. Але ня ў тым справа. Куды важнейшымі за лекцыі ды іспыты ў інстытуце былі тады так званыя сэмінары. Сэнс іх заключаўся ня ў тым, каб студэнты працавалі зь «першакрыніцамі» («першакрыніцамі» называліся зусім не дакумэнты, а толькі й выключна кананічныя тэксты з кананічнага збору твораў У.І.Леніна), а ў тым, каб студэнты ўздельнічалі ў «дыскусіі» на зададзеную падручнікам ды выкладчыкам тэму і тым самым дакумэнтальна, з дапамогай адзнак і залікаў, публічна пацьвярджалі сваю ляяльнасьць камуністычнаму рэжыму. Іншымі словамі, студэнты паказвалі, што яны гатовыя прыняць правілы гульні й фактычна разам з выкладчыкамі ўжо ўдзельнічаюць у ёй.

Гэта здавалася настолькі натуральным, што, сутыкнуўшыся з адрознымі паводзінамі, я, таксама як і іншыя студэнты, аслупянеў у жаху й чаканьні імгненнага й балючага пакараньня з боку сыстэмы…

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0