За прэм’ерам Сяргеем Сідорскім эканамічны рост у краіне дасягнуў 10 працэнтаў за год. Сідорскі задаволены сабой, сваёй пасадай і вынікамі працы. Прамысловасьць і сфэра паслуг растуць яшчэ хутчэй, чым ВУП. Даходы людзей перавысілі апошнія савецкія паказчыкі на 30%. Можна доўга спрачацца, чыя ў гэтым заслуга, параўноўваць з посьпехамі Ўкраіны й Польшчы, адсочваць цэны на нафту і каньюнктуру расейскага рынку. Рост усё адно пачынае асацыявацца з напорыстым каржакаватым прэм’ерам.

Сідорскі розьніцца ад сваіх папярэднікаў. Ён яшчэ ня вырас у палітычную фігуру першага шэрагу, але надзвычай хутка апанаваў рычагі і нітачкі, якія прыводзяць у дзеяньне ня дужа разваротлівую беларускую гаспадарку. Яму нават удаецца павялічваць колькасьць ідэалягічна блізкіх яму людзей ва ўрадзе. Ён амбітны і выпраменьвае аптымізм. Вага Сідорскага ня большая, чым вага старшыні Саўміну ў савецкі час у параўнаньні зь першым сакратаром ЦК. Ён займаецца выкананьнем, але ня мае ўлады. Але…

Цьвёрды — праявіў сябе прыхільнікам жорсткага адстойваньня нацыянальных эканамічных інтарэсаў на перамовах з Расеяй. Адкрыты — пабываў у Брытаніі, Італіі, Аўстрыі, шукае кантактаў у эўрапейскіх бізнэс-колах. Камусьці спатрэбілася нават перашкодзіць ягонаму польскаму візыту. Удачлівы — ня толькі ў эканамічным росьце, а нават у надвор’і для сельскай гаспадаркі. Ды не ў мадэрнізацыі эканомікі, для чаго патрэбна палітычная воля.

Насуперак Лукашэнкаваму выхваляньню, доля Расеі ў замежным гандлі Беларусі працягвае толькі расьці, а зь ёю — і залежнасьць, і пагроза нацыянальнай бясьпецы.

Экспарт у Расею ў гэтым паўгодзьдзі вырас на 35,7%, у краіны за межамі СНД — толькі на 27,2%. Імпарт з Расеі павялічыўся на 32,7%, з краін за межамі СНД — толькі на 29,2%. Гіганцкія лічбы росту нават палохаюць. Шалёныя грошы сыходзяць гэтак жа лёгка, як прыйшлі. Аднак пра гэта людзі думаюць, толькі калі застаюцца з парожнімі кішэнямі.

Яшчэ трохі такога росту — і Сідорскага запомняць выбарцы, і палітолягам у самы час будзе задумацца: хто ён, прэм’ер Сідорскі?

Сяргей Сідорскі нарадзіўся ў 1954 у Гомелі. Скончыў Інстытут інжынэраў чыгункі. Працаваў у Гомелі. Ва ўрадзе з 2001.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0