13 жніўня, у пятніцу, у Атэнах адкрыюцца XXVIII Летнія алімпійскія гульні.
БТ паабяцала паказаць 190 гадзін спорту, па 11—12 гадзін у суткі. Беларускі дэсант у Грэцыі складаецца са 152 спартоўцаў, якія будуць весьці барацьбу ў 23 відах спорту. Сьвет баіцца крывавых тэрактаў і адначасова зь нецярпеньнем чакае відовішча.
Найбольш прадстаўнічая дэлегацыя — у лёгкай атлетыцы. Прычым з 43 спартоўцаў-лёгкаатлетаў 17 складаюць кідальнікі і штурхальнікі. Галоўныя нашы надзеі на мэдалі зьвязаныя з гэтымі невідовішчнымі дысцыплінамі. Увага будзе прыкавана да штурхальнікаў ядра Андрэя Міхневіча, Надзеі Астапчук, Натальлі Харанекі, кідальнікаў дыска Васіля Капцюха і Ірыны Ятчанкі, молата — Івана Ціхана. Спадзяёмся, што «стрэляць» у кіданьні молата Ігар Астапковіч і Вадзім Дзевятоўскі, а таксама паўторыць «залаты» посьпех Сыднэю-2000 у кіданьні дыска капітан беларускай алімпійскай зборнай Эліна Зьверава.
Лічыцца, што два мэдалі «жалезна» чакаюць беларусаў у роварным спорце. Галоўная наша зорка — пяціразовая чэмпіёнка сьвету Натальля Цылінская. Беларускі «Прессбол» прадказвае ёй золата ў гіце на 500 мэтраў. А пару тыдняў таму «Спорт-экспресс» у якасьці прэтэндэнтак на «золата» ў спрынце назваў нашу Натальлю і расіянку Сьвятлану Гранкоўскую. Інтрыгі двубою надае той факт, што Цылінскую і Гранкоўскую трэніруе адзін чалавек — расіянін Станіслаў Салаўёў.
«Беларускім» відам спорту зьяўляецца і цяжкая атлетыка. Тут найбольшыя шанцы маюць Віталь Дзербянёў (56 кг), Сяргей Лаўрэнаў (69 кг), Аляксандар Анішчанка (85 кг) ды Ганна Бацюшка (63 кг), што ўварвалася ў сусьветную эліту пасьля сэнсацыйнага выступу ў мінулым лістападзе на чэмпіянаце сьвету ў Ванкувэры.
Пазмагаюцца за мэдалі майстры грэка-рымскай барацьбы Аляксандар Кікінёў (74 кг) і Вячаслаў Макаранка (84 кг). А Сяргей Ліштван (97 кг) некалькі тыдняў таму на прэс-канфэрэнцыі паабяцаў прывезьці з Атэнаў золата. У вольнай барацьбе някепскія шанцы, прынамсі, на срэбра ў Мурада Гайдарава (74 кг).
Па трэцяе алімпійскае золата паплыве Кацярына Карстэн-Хадатовіч (акадэмічнае веславаньне). Спадзяюцца на мэдаль у веславаньні і мужчынская чацьвёрка, жаночая двойка (Юлія Бічык і Натальля Гелах). Выдатныя вынікі паказвала апошнім часам пара байдарачнікаў Раман Петрушэнка і Вадзім Махнёў, а таксама канаіст Аляксандар Жукоўскі.
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
Алег Раявец