Галоўнае рэзюмэ першага тыдня алімпіяды: калі арабскія тэрарысты ня выставяць сваёй каманды на наступных спаборніцтвах у Пэкіне, алімпійскі рух ператворыцца ў звычайны кіч.

Атэны-2004 — першая Алімпіяда пасьля падзей 11 верасьня, якія канчаткова пахавалі двухполюсныя расклады халоднай вайны. Спорт, што быў люстэркам палітычнага супрацьстаяньня двух блёкаў, таксама трансфармаваўся. Адзіны патрыятычны бзік, на які аказаўся здольны калісьці магутны Крэмль, — заклікаць сваіх спартсмэнаў не жаваць гумкі падчас трансьляцыі рэмэйку «Саюз нерушымы».

Фронт глябальнай барацьбы праходзіць паміж Захадам і ісламскім тэрарызмам. Аднак бэн Ладэн сваёй каманды ў Атэны не прыслаў і алімпійскія спаборніцтвы, пазбавіўшыся пікантнага палітычнага прысмаку, ператварыліся ў нейкую папсу.

Францускі «Figaro» з лятэнтнай настальгіяй нагадвае, якія тэмы даводзілася аглядаць яго журналістам падчас алімпіяд мінулага стагодзьдзя: міжнародныя байкоты (Манрэаль-1976, Масква-1980, Лос-Анджэлас-1984), тэрарысты (Мюнхен-1972, Атланта-1996), палітычныя масакры (Бэрлін-1936 і Мэксыка-1970).

Сёньня камэнтатары Алімпіяды пакутуюць фігнёй. Іх артыкулы ў штодзённых выпусках адправілі б у рубрыку «Гэта цікава ведаць».

Дамінантныя тэмы — допінг і наварочаная сыстэма бясьпекі (на ахову 10 500 спартсмэнаў кінута 70 000 грэцкіх мянтоў, ня лічачы агентаў спэцслужбаў і ракетнай сыстэмы «Патрыёт»). Нават жоўтым журналюгам цікавей. Яны смакуюць эратызацыю спорту. Сярод спартсмэнаў модна рабіць свае эратычныя здымкі. На кавэрах глямурных часопісаў у позе ню ўжо засьвяцілася гімнастка Хадоркіна, лёгкаатлеткі Аманда Бірд і Мэрыен Джордж, увесь склад нямецкай сборнай па валейболе і нават іх суайчыньніца молатакідальніца Сюзана Кайль. Уяўляю!

Цынічна, але слушна аўтар «Figaro» нагадвае, што легендарныя антычныя алімпіяды былі ня шабасам аматараў спорту і пацыфістаў, а віртуальнай разборкай паміж Атэнамі і Спартай.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0