Бізнэсоўцаў-дэпутатаў Мікалая Скутава і Аляксея Ваганава ў наступнай палаце ня будзе. Пастаўская выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы дзейнага дэпутата Мікалая Скутава, які быў генэральным дырэктарам ЗАТ «БелРосУкрнафта», ЦВК пацьвердзіла рашэньне акруговай камісіі. Вядомы ж бізнэсовец Аляксей Ваганаў, старшыня камісіі грашова-крэдытнай палітыкі і банкаўскай дзейнасьці ПП НС, «сам вырашыў» на выбары не ісьці.У той самы час без праблем прайшлі рэгістрацыю ініцыятыўныя групы ўсіх сяброў дэпутацкай групы «Рэспубліка».

Канкурэнтам У.Парфяновіча ў Чкалаўскай акрузе №98 можа стаць ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч, які ўжо абіраўся ў гэтай акрузе ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня.

Вінцук Вячорка балятуецца ўва Ўсходняй акрузе сталіцы, Анатоль Лябедзька — у Сухараўскай. Намесьнік старшыні БНФ Алесь Міхалевіч балятуецца ўва Ўручанскай акрузе, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас — у Старавіленскай акрузе Менску.

Усяго ў выбарчыя камісіі падалі дакумэнты 635 ініцыятыўных груп, але ня ўсе яны былі зарэгістраваныя. Гэта навінка цяперашняй выбарчай кампаніі: упершыню адсейваньне патэнцыйных кандыдатаў пачалося ўжо на першым этапе кампаніі, яшчэ перад зборам подпісаў.

74 ініцыятыўныя групы атрымалі адмовы ад выбарчых камісій. Найбольш пацярпела на гэтым этапе выбараў Народная Грамада — з 50 ініцыятыўных групаў актывістаў гэтай партыі зарэгістраваныя былі толькі 35. ПКБ зарэгістравала ўсе свае ініцыятыўныя групы. АГП і Партыя БНФ страцілі па 3 ініцыятыўныя групы. Самыя балючыя страты — Сьвятлана Каралёва (АГП, Менск) і Аляксей Лапіцкі (БНФ, Жодзіна). Сяргей Салаш з Барысава, ініцыятыўнай групе якога адмовілі былі ў рэгістрацыі, пасьпеў зарэгістраваць скарэктаваны сьпіс.

Навінкі зьявіліся ў тактыцы дзеяньняў апазыцыйных кандыдатаў. Некаторыя кандыдаты рэгіструюць ініцыятыўныя групы адразу ў дзьвюх акругах — выбарчае заканадаўства гэта дазваляе. Гэтак, ініцыятыўныя групы Міколы Статкевіча зарэгістраваныя ў Ясенінскай і Каліноўскай акругах Менску. Лідэр камуністаў Сяргей Калякін балятуецца ў Гомельскай-Навабеліцкай і Менскай-Коласаўскай акругах. Пасьля рэгістрацыі кандыдат, які балятуецца адразу ў дзьвюх акругах, павінен будзе зьняць сваю кандыдатуру ў адной зь іх.

Ня выключана, што зьнятыя кандыдаты будуць вылучаныя паўторна партыйнымі зьездамі.

Перавага вылучэньня праз збор подпісаў — дадатковая магчымасьць агітацыі. Зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы ўжо цяпер могуць даносіць да выбарцаў інфармацыю пра свайго кандыдата. Зьбіральнікі подпісаў з досьведам удзелу ў папярэдніх выбарах кажуць, што колькасьць сабраных за кандыдата подпісаў прыкладна адпавядае колькасьці галасоў за яго на выбарах.

Да 20 жніўня адмовы ў рэгістрацыі можна абскардзіць у Цэнтравыбаркаме і судах. Праўда, пакуль з 10 пададзеных скаргаў ЦВК задаволіў толькі 2 — гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага (арыштаванага за паклёп на прэзыдэнта) і Аляксандра Васільева. Найбольш пацярпелая БСДП-НГ падаваць скаргі ў ЦВК ня будзе, бо лічыць гэта беспэрспэктыўным.

Паводле зьвестак ЦВК, сярод зарэгістраваных груп 371 (66,8%) належаць беспартыйным, 51 (9,1%) — АГП, 35 (6,3%) — БСДП (НГ), 32 (5,7%) — ПБНФ, па 21 (3,7%) маюць КПБ і ПКБ, па 1 — ЛДПБ, зялёныя, Партыя народнай згоды, Рэспубліканская, Аграрная і Патрыятычная партыі.

Максымальная колькасьць прэтэндэнтаў зарэгістраваная ў сямі акругах — Берасьцейскай Цэнтральнай №2 (11 груп), Гомельскай Савецкай №36 (11), Лідзкай гарадзкой №56 (10), Слуцкай №89 (10), Ясенінскай Менскай №101 (11), Коласаўскай Менскай №106 (10), Уручынскай Менскай №109 (11).

На прэсавай канфэрэнцыі ў сераду на пытаньне, наколькі жосткай будзе канкурэнтная барацьба, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адказала: гэта залежыць ад таго, колькі незаконных грошай будуць выкарыстоўваць кандыдаты. Паводле словаў Л.Ярмошынай, ЦВК заплянаваў сродкі на выбарчую кампанію з разьліку 10 кандыдатаў на акругу: «Думаю, больш і ня будзе».

За мяжой для грамадзянаў Беларусі будзе створана 40 выбарчых участкаў. Усе яны будуць прыпісаныя да Купалаўскай выбарчай акругі Менску (дзе месьціцца МЗС), па якой вылучаецца кандыдатам дзейны дэпутат Уладзімер Навасяд.

Алесь Пяткевіч, Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0