Менавіта рэфэрэндум здольны надаць другое дыханьне апазыцыі. Тады яна здолее адысьці ад «лямпачак» да галоўнага палітычнага пытаньня, па якім яе пазыцыя супадае з думкай большасьці беларусаў. А ў выніку гэтага рэфэрэндум можа дапамагчы апазыцыі «выцягнуць» і перадвыбарную кампанію — ператварыць яе ў агульнанацыянальную пад лёзунгам «не трэцяму тэрміну». Зрэшты, акурат таму я моцна сумняваюся, што рэфэрэндум усё ж такі будзе назначаны на 17 кастрычніка, мяркуе палітоляг Віталь Сіліцкі.

Парлямэнцкія выбары ўжо на пачатку іх правядзеньня набылі фармат, які няцяжка было прадбачыць. За тры месяцы да абвяшчэньня выбарчай кампаніі нам паведамілі, колькі каго будзе ў складзе палаты прадстаўнікоў трэцяга скліканьня, а за каго ніхто ніколі не прагаласуе. Пры гэтым дзеля пэўнасьці пачалі «зачыстку». За два месяцы паказалі «сапраўднае аблічча» тых, каго прадыктаваны ўладамі расклад не задавальняе. За месяц правялі нараду, дзе растлумачылі, каму, што і як рабіць. Калі выбары нарэшце былі абвешчаны, папулярна растлумачылі, чаму народ будзе галасаваць менавіта так, як трэба. Для большай пэўнасьці нязгодных пачалі адсякаць у масавым парадку яшчэ на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных груп — гэта пакуль што галоўнае ноў-хаў сёлетняй кампаніі. Каб зразумець, што будзе далей, дастаткова правесьці лінію «па нарастаючай».

Ці гатовая была да ўсяго гэтага апазыцыя? Ілюзій, безумоўна, было няшмат. Улічваючы, у якіх умовах апанэнтам улады прыходзіцца дзейнічаць, папракаць іх таксама амаль няма за што. Бо справа нават не ў стратэгіі, а ў тактыцы ды тэхналёгіях. Палітыка па-беларуску (ці, больш дакладна, па-лукашэнкаўску: былі ў нас і лепшыя часы) вымагае большага, чым здольнасьць пераканаць выбаршчыкаў у тым, што ваш кандыдат — самы-самы.

Хаця, безумоўна, з пункту гледжаньня стратэгіі і тактыкі пэўныя прэтэнзіі можна было б выказаць. Аўтар гэтых радкоў ня раз і ня два на працягу папярэдняга году казаў (у тым ліку і на старонках «НН»), што да парлямэнцкіх выбараў варта ня толькі рыхтавацца, як да баёў бяз правілаў, але яшчэ і ўсьвядоміць, дзеля чаго апазыцыі патрэбны гэтыя выбары.

Cапраўды, мо для таго, каб сядзець у Авальнай залі і штампаваць прэзыдэнцкія дэкрэты альбо ствараць ілюзію плюралізму? Што зьяўляецца галоўным крытэрам перамогі: дасягненьне тэктанічных зьмен у грамадзкай сьвядомасьці адносна апазыцыі, здабыцьцё некалькіх мандатаў альбо пэрсанальная раскрутка асобных кааліцыйных дзеячоў? Ці ёсьць парлямэнцкія выбары галоўнай палітычнай кампаніяй году або ўсе высілкі трэба будзе кінуць на іншае, як дыпляматычна выказаўся Лукашэнка, «адказнае мерапрыемства»? Гучных адказаў на гэтыя пытаньні не было дадзена, і праз гэта перадвыбарная кампанія апазыцыі ўжо ператварылася ў беганіну па кватэрах з выхадам на праблемы лямпачак у пад’ездах. Удакладню: бегаць па кватэрах, безумоўна, трэба, зьбіраць подпісы неабходна, гутарыць з выбаршчыкамі аб іх праблемах — абавязкова. Але ці дастаткова гэтага?

Вяртаючыся да агучаных пытаньняў, паспрабую яшчэ раз даць на іх адказы. На маю думку, палітычны кампанэнт кампаніі — спробы данесьці да электарату ідэі, якія могуць мець пэўную мабілізацыйную сілу, — ня менш, а то і больш важны, чым выключна электаральная барацьба. А рэфэрэндум — куды больш істотнае мерапрыемства (тое самае «адказнае»), чым самі па сабе выбары. Палітычную кампанію, аднак, трэба пачынаць загадзя, задоўга да саміх выбараў, калі яшчэ няма ні кандыдатаў, ні выбарчых камісій. Гэта відавочна, ведаючы спэцыфіку беларускага заканадаўства, згодна зь якім «крок управа, крок улева» азначае аўтаматычную дыскваліфікацыю на любой ступені працэсу. Аднак паўгоду перад выбарамі не былі адпрацаваныя на ўсе сто. Падзей — няшмат (гераічнае «хаджэньне ў народ» з прыпынкамі ў пастарунках заслугоўвае павагі, аднак барацьбу ў інфармацыйным полі нават яно не заменіць), адмысловых акцый, якімі апазыцыя магла б прыцягнуць увагу да сваіх дзеяньняў, — вельмі мала. Прычым больш за ўсіх старалася не якая з кааліцый, а група «Рэспубліка». Аддамо ёй належнае, нягледзячы на абсалютна непатрэбныя, на наш погляд, дзеяньні і выказваньні, якія сапсавалі адносіны спадароў «рэспубліканцаў» з астатняй апазыцыяй. У той жа час, менавіта яны зрабілі штосьці, каб «убіць» у галовы выбаршчыкаў асноватворныя, галоўныя апазыцыйныя ідэі — такія, як «не трэцяму тэрміну» альбо «за справядлівыя выбары».

Аднак у цэлым «палітычны» аспэкт кампаніі ўжо рэанімаваць цяжка. Нягледзячы на тое, што фармулёўкі кандыдатаў, якія здолеюць прайсьці рэгістрацыю, будуць у нечым падобныя адна да адной, выбары аб’ектыўна ператвараюцца ў «лямпачкавую» кампанію, дакладней, у некалькі дзясяткаў асобных кампаній, якія не пераплятаюцца паміж сабой. У «лямпачкавай» барацьбе, аднак, у апазыцыі шанцаў мала. Як бы там ні было, сытуацыя ў эканоміцы, безумоўна, не настолькі катастрафічная, каб бясконца апэляваць да яе, а спаборнічаць у рамонце сапсаваных кранаў з прадстаўнікамі ўлады цяжка. Між тым, улада, што цікава, вядзе менавіта «групавую» прапаганду, абліваючы брудам апазыцыю агулам і паводле вызначанага стандарту. Зразумела, што багата на каго прапаганда дзейнічае з дакладнасьцю наадварот, але калі б такіх была большасьць, у нас ніколі не было б Лукашэнкі.

Усё так і будзе цячы, калі раптам улады ўсё ж ня пойдуць на абвяшчэньне «адказнай кампаніі». Аб рэфэрэндуме самім па сабе мы размаўляем як аб справе вырашанай, пытаньне — ці будзе ён сумешчаны менавіта з парлямэнцкімі выбарамі. Гэта можа гучаць як парадокс, але менавіта рэфэрэндум здольны надаць другое дыханьне апазыцыі. Тады яна здолее адысьці ад «сацыялкі» да сапраўды галоўнага палітычнага пытаньня, па якім яе пазыцыя, дарэчы, супадае з думкай большасьці беларусаў. А ў выніку гэтага рэфэрэндум, пры правільным падыходзе з боку апазыцыі, можа дапамагчы ёй «выцягнуць» і перадвыбарную кампанію — калі яна сапраўды ператворыцца ў агульнанацыянальную і пройдзе пад лёзунгам «не трэцяму тэрміну».

Кажу гэта таму, што наўрад ці ўлады пасьпеюць выйграць рэфэрэндум да 17 кастрычніка менавіта ў галавах выбаршчыкаў. У гэтым выпадку недавер да рэфэрэндуму перарастае ў недавер і да парлямэнцкіх выбараў. На гэтым падмурку ўжо можна будзе грунтаваць і будучую прэзыдэнцкую кампанію. Зрэшты, акурат таму я моцна сумняваюся, што рэфэрэндум усё ж такі будзе назначаны на 17 кастрычніка. Уладам куды зручней спачатку «элегантна» выйграць лямпачкавыя выбары, а потым, распрапагандаваўшы разгром апанэнтаў, давесьці справу і да плебісцыту — недзе ў наступным годзе.

Аднак чаго ўладам клапаціцца? Нават калі два галасаваньні і будуць сумешчаны, імавернасьць эфэктыўнага супраціву далёка не стопрацэнтная. І вось менавіта тут варта сказаць пра галоўную прычыну майго пэсымізму ў гэты палітычны момант. Яна далёка не ў стратэгіі і не ў тэхналёгіях.

Пры той запалоханасьці, што пануе ў грамадзтве, аніякая стратэгія і тактыка не спрацуе. Пры тым (нулявым) узроўні грамадзянскай салідарнасьці, што можна было назіраць за апошнія часы, «зачыстка» апанэнтаў адбываецца без праблем. Людзей, здольных прапагандаваць і агітаваць, стала на парадак менш, чым было яшчэ некалькі гадоў таму. А колькі зь іх здольны выйсьці на вуліцу, калі гэта сапраўды будзе трэба? Мабілізацыйны патэнцыял дэмакратычных сіл выключна нізкі, і саміх дэмакратаў ужо даўно абвінавачваць у гэтым нельга. Мода на крытыку апазыцыі стала за апошні час адмысловай формай сублімацыі ўласнага страху і абыякавасьці. У такіх абставінах можна праводзіць хоць тры рэфэрэндумы і ўсе магчымыя выбары запар — вынік будзе забясьпечаны.

Тыя, хто яшчэ здолеў знайсьці ў сабе сілы працаваць сёньня, заслугоўваюць найперш павагі, а не чарговай порцыі лаянкі за чарговую праваленую кампанію. Таму калі хочаце на гэтых выбарах чагосьці іншага, чым прадыктавана зьверху, дасягніце гэтага самі. Усё ў вашых руках, а не кіраўнікоў штабоў, партыйных лідэраў ці тэхнолягаў. Знайдзіце ў вашай акрузе вашага кандыдата. Прапануйце яму дапамогу са свайго боку. Паспрыяйце ў назіраньні. Проста выкажыце сваю маральную падтрымку. Калі гэтага ня зробіце — можаце зноўку разважаць, якая ў нас няздатная апазыцыя. Але — безь мяне.

Д-р Віталь Сіліцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0