Супрацоўнікі КГБ вывучалі лісты, дасланыя ў «ЛіМ» пасьля Сачанкавага артыкулу, і знайшлі падабенства ў 14 літарах з почыркаў Голуба і «Кліноўскага». Аднак Голуб не прызнаўся…

Валер Голуб ня піша вершаў ужо амаль паўстагодзьдзя. Два свае вершы ў 1954-м ён паслаў на радыё «Вызваленьне» (цяперашнюю «Свабоду»). Адзін зь іх — байка «Асёл і мова» — выкрываў беларусафобства. У другім вершы, згадвае сп.Валер, выказвалася ўпэўненасьць, што будзе час, калі мы сядзем за адным сталом разам з эміграцыяй без камуністаў.

Вершы на той час рызыкоўныя, але ж хлопцу было толькі сямнаццаць. Праўда, досьвед жыцьця ў СССР усё ж адчуваўся нават у такія маладыя гады: адпраўляючы вершы, Валер кансьпіраваўся ня менш, як рэвалюцыянэры — ад паліцыі. Падпісаўся прозьвішчам «Кліноўскі», пісаў зьмененым почыркам, даў фіктыўны зваротны адрас, паперу зь вершамі браў ня голымі рукамі, а толькі празь яшчэ адзін аркуш, нават капэрту голымі рукамі не чапаў — толькі праз паперу. «Ведаў, што будуць шукаць. Вядома, я сумняваўся, што ліст дойдзе. Калі б не сумняваўся, не пісаў бы зьмененым почыркам і г.д.», — згадвае сёньня Голуб.

Ён жыў тады ў бацькоў — у вёсцы Чалюшчавічы каля Капаткевічаў Петрыкаўскага раёну (бацька быў настаўнікам беларускай мовы). Вершы, вядома, адпраўляў ня з дому — зь Менску, дзе на філфаку БДУ вучылася сястра. Падчас аднаго з прыездаў да сястры кінуў гатовы ліст у паштовую скрыню.

Вершаў не паказваў нікому. Копію чатыры гады хаваў у хляве ў бацькоў, пад стружкай. Значна пазьней, калі ўжо служыў у войску, атрымаў ліст ад бацькі, што быў моцны вецер і «паматляў страху». Падумаў: можа, і мае вершы выкінула?.. І як толькі прыехаў, зьнішчыў паперы. І з таго часу больш вершаў не пісаў.

Ягоныя творы на замежнае радыё так і ня трапілі — аселі ў КГБ. Даведаўся пра гэта Валер толькі ў 1958 г., калі сам трапіў да сьледчых гэтай установы. Да таго часу ён пасьпеў паступіць у Менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум і амаль скончыў яго…

У сьнежні 1957 г. у «ЛіМе» зьявіўся артыкул Барыса Сачанкі супраць русіфікацыі «Шанаваць родную мову», што выклікаў вялікую дыскусію. Газэта двойчы друкавала водгукі чытачоў на артыкул. Голуб пазнаёміўся з Сачанкам, калі спрабаваў паступіць на філфак БДУ. Потым бачыўся колькі разоў на вечарынках на філфаку, куды запрашала сястра, але блізка не кантактаваў. На артыкул адгукнуўся, бо «зачапіла» тэма. Мабыць, супрацоўнікі КГБ вывучалі лісты, дасланыя ў «ЛіМ» пасьля Сачанкавага артыкулу, і знайшлі падабенства ў почырках Голуба і «Кліноўскага».

5 сакавіка 1958 г., напярэдадні атрыманьня дыплёму, Валера выклікалі да дырэктара тэхнікуму. Той папрасіў дапамагчы перавезьці кнігі нейкаму незнаёмцу. «Я адчуваў, што нешта ня тое, — прыгадвае сп.Голуб. — Знаходзіўся я далёка ад дырэктаравага кабінэту. Можна было б узяць першага стрэчнага. Але ж не — мяне паклікалі!» Незнаёмец быў на машыне — з кіроўцам і яшчэ адным суправаджальнікам. Машына заехала ў вядомы ўсяму Менску будынак КГБ.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0