На Магілёўскім замчышчы будуюць праваслаўную царкву

На ўваходзе вас сустрэне надпіс «Здесь строится православный храм. Относитесь к этому месту благоговейно». Вы ўсё яшчэ ня верыце, што за гэтай брамкай у студэнта, які фатаграфаваў катлаван, ляцелі камяні? Што журналіста тут здалі ў міліцыю за тое, што візытоўка ў яго аказалася на лацінцы («амэрыканскі шпіён»)? Што рэдактарку гарадзкой тэлевізіі абкладалі мацюкамі? Што археолягаў тут іначай як жыдамасонамі не называлі? Што грамадзкаму актывісту, які пачаў спасылацца на Эвангельле, адказалі: «Ідзі ты са сваім Эвангельлем»?

Вось бацюшка Андрэй на дне катлавану, у сіняй выцьвілай майцы калупае чорную пляміну зямлі. Зямля чорная, бо за Саветамі тут быў нужнік. А наверсе, філязафічна назіраючы за работай бацюшкі, стаяць прыхаджане, што былі здольныя і на камяні і на мацюкі. Рыдлёвак ім хапіла б, але нашто корпацца. Гэта тыя людзі, якія кіравалі зьнішчэньнем ладнай часткі культурнага слою на магілёўскім замчышчы. Магчыма, яны і фундатары, таму маюць дастаткова аўтарытэту, каб указваць бацюшку, калі пачне мірыць бакі супрацьстаяньня, яго месца — «а хто ты нам такой?!»

Гэтая гісторыя пачалася ў 2002 г. Магілёўская япархія атрымала дазвол пабудаваць у цэнтральным гарадзкім парку храм пакутнікам і воінам, што загінулі за айчыну ў ХХ ст. Магілёўскі археоляг, доктар навук Ігар Марзалюк вёў раскопкі на меркаваным месцы забудовы — па пэрымэтры, вызначаным у праекце. Цягам тых жа гадоў хадзілі чуткі пра незадаволенасьць высокага гарадзкога начальства ідэяй мець замест цэнтральнага парку храм. Пры тым, што амбітны праект пабудовы самага высокага ў краіне праваслаўнага храму ў іншым раёне гораду так і не завяршыўся. Пасьля гучных знаходак сп.Марзалюка на замчышчы, якія на стагодзьдзе павялічылі ўзрост гораду, стала гуляць чутка пра таямнічую ініцыятыву замежных фундатараў пабудаваць на замчышчы замест храму музэй жывой археалёгіі з рэстарацыяй заадно.

Ня дзіўна, што некалькі тыдняў таму прыхаджане актывізаваліся і сабралі 13 тысяч подпісаў за тое, каб пабудаваць на замчышчы ўсё ж такі храм. А калі на абласной тэлевізіі акруглілі колькасьць подпісаў да дзесяці тысяч, прыхаджане тэлефанавалі рэдактарам і вінавацілі іх у жыдамасонскай змове.

19 чэрвеня каля парку, пабачылі машыны, якія вывозілі з тэрыторыі замчышча зямлю. Не папярэдзіўшы анікога, без нагляду археолягаў, прыход храму пачаў капаць катлаван пад будаўніцтва. Яго пэрымэтар быў значна большы за той, што раней дасьледавалі археолягі. Тоны зямлі з культурным слоем вывозіліся проста на сьметнік да Дняпра. Пра танальнасьць размоў прыхаджанаў з грамадзкімі актывістамі можна меркаваць па першым абзацы. Прыехала тэлевізія, І.Марзалюк паведаміў пра здарэньне ў Мінкульт, гарвыканкам, у пракуратуру. Работы спыніліся. Да заўтра.

У наступныя дні работы вяліся з такім разьлікам, каб сустрэць мінімум супраціву. Будаўнікі шчыравалі да ночы. На трэці дзень катлаван завяршылі, на чацьверты па пэрымэтры, які ахапіў ледзь ня дзьве траціны парку, зьявіліся яміны для слупоў агароджы. Капалі іх вечарам, зноў жа, без нагляду археолягаў.

Сьцены катлавану — зараз ён глыбінёй ад 4,5 да 6 мэтраў — паказваюць археолягам, якую каштоўнасьць яны згубілі. Рысы культурнага слою акрэсьліваюць мяжу самага старога гарадзішча, засьведчыўшы, што ўжо ў X—XI ст. яно мела ўмацаваны вал і роў. Дагэтуль навукоўцы ведалі толькі абрысы пазьнейшай, насыпанай у пачатку XVI ст. пляцоўкі пад замак. Дасьледаваныя нармальна, гэтыя вал і роў далі б найкаштоўнейшую інфармацыю. А пакуль прыйдзецца задаволіцца кавалкамі керамікі, выкалупанымі са сьцен катлавану. Яшчэ археолягам застаецца спадзявацца, што яны іншымі раскопамі, побач з будоўляй, намацаюць тыя вал, роў, а мо і пасад, і гэта аўтаматычна пацьвердзіць, што Магілёў быў горадам на 200, 300 гадоў раней за 1267 г. Для Магілёва гэта азначае і тое, што ён нарэшце ўпішацца ў стандартную схему ўзьнікненьня гарадоў на беларускіх землях. Дагэтуль ён быў парадаксальна «маладым».

Але катлаван гатовы, зямля на сьметніку, і ў нядзелю адбылося першая служба на месцы новага храму. У адрозьненьне ад «рэстаўрацый» і будоўляў у Горадні, Менску, Віцебску, у Магілёве ўсё адбылося хутка, незваротна, і безь ніякай ініцыятывы ўладаў. Патрэбы й не было — пэўна, спэцыфічны статус праваслаўнай царквы ў Беларусі дазваляе некаторым яе адэптам разьбірацца з культурнымі каштоўнасьцямі самастойна.

Цяпер Ігар Марзалюк робіць на вольнай пакуль тэрыторыі парку накіды наступных раскопак і амаль штодня з памочнікамі перабірае горкі зямлі, вывезенай на сьметнік. Гэта пляцоўка плошчай у футбольнае поле, каб дасьледаваць яе ўсю, ня хопіць і году. Дый які сэнс — знаходкі маюць найбольшую карысьць у сваіх культурных слаях. Але работа ідзе — хто ведае, што за каштоўнасьць выкінулі на сьметнік цемрашалы.

Аляксей Бацюкоў

Здымак Радыё Свабоды

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0