Суд Фрунзенскага раёну асудзіў да 15 сутак арышту грамадзяніна Ўкраіны Андрэя Любку, які зьяўляецца журналістам газэты “Карпацкі голас”. Ён расказаў у судзе і консулу аб тым, што ў аўтобусе байцы спэцназу міліцыі плявалі яму ў твар і пры гэтым абражалі прэзыдэнта Ўкраіны.

Украінскі журналіст лічыць, што яны знаходзяцца пад уплывам беларускага тэлебачаньня – сродку дзяржаўнай прапаганды, скіраванай, паводле яго словаў, на распальваньне нацыянальнай нецярпімасьці.

У судзе Савецкага раёну судзяць 9 чалавек, якіх затрымалі ўчора раніцай у раёне Кастрычніцкага пляцу. Частку затрымалі, калі тыя сыходзілі ўначы з плошчы, а іншых, калі яны намагаліся трапіць на плошчу.

Канстанцін Арцёменка з Гомеля ўжо арыштаваны на 20 сутак.

Сярод затрыманых – рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько. Ён пасьпеў сказаць Радыё Свабода, што яго брутальна затрымалі, калі ён намагаўся трапіць на пляц. Ён быў разам са сваімі сябрамі і размаўляў зь імі па-беларуску. Паводле яго, гэта і прыцягнула ўвагу байцоў спэцназу міліцыі. Андрэй Дынько абураўся, што спэцназаўцы вельмі зьняважліва выказваліся аб беларускай мове.

Калі міліцыянты даведаліся, што Дынько журналіст, яны пачалі раіцца са сваім кіраўніцтвам, і тое загадала аформіць яго за дробнае хуліганства.

Андрэй Дынько паведаміў, што ў камэрах турмы на Акрэсьціна ўжо не хапае месца на ўсіх затрыманых. Вязьні сядзелі, цесна прытуліўшыся адзін да аднаго ў халоднай камэры, дзе адключылі ацяпленьне. У суседняй камэры сядзелі пяцёра дзяўчат. Яны прасілі ў супрацоўнікаў спэцпрыёмніку туалетнай паперы або хаця б газэты, але ім адмовілі. Спадар Дынько паскардзіўся, што вельмі гучна працаваў прыймач радыёкропкі, і калі мужчыны здолелі яго выключыць, вырваўшы разэтку, то дзяўчаты вельмі пакутавалі, але на іх просьбы дапамагчы выключыць радыё, супрацоўнікі установы цынічна адказалі, што яны ня ведаюць, як гэта зрабіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0