Рок-сэзон 2004/05 распачнецца пры канцы жніўня перанесенымі канцэртамі.

«Ліцэйскі» канцэрт пройдзе ў клюбе «Бліндаж» (вул.Ціміразева, 8). 27 жніўня там можна будзе пачуць «новую генэрацыю супольнікаў» — навучэнцаў і выпускнікоў Беларускага ліцэю ў праграме «Веру ў цябе!». Падтрымліваць маладых будуць гурты «Zet», «Garadzkija» і, мажліва, «Pоmіdor/off». Да канцэрту выкарыстаны легендарны слоган фэсту «Рок пасьля вакацыяў», пад якім у Парку Чалюскінцаў штогод давалі чаду ўсе вядомыя айчынныя рок-каманды. Пачатак у 18.00.

На 31 жніўня ў «Рэактары» прызначаны вялікі сольнік «N.R.M.». Ад шараговых выступаў Вольскага і К° гэты будзе розьніцца тым, што слухачы наўрад ці засьпяваюць «Песьню пра каханьне» ды іншыя гіты. Музыкі абяцаюць сыграць мяшанку абсалютна новых песень і твораў, што звычайна на канцэртах не выконваюцца. Лідэр групы Лявон Вольскі сам адабраў гасьцей канцэрту. Перад выступам «энэрэмаўцаў» люд будуць разаграваць маладыя гурты — «Зьмяя» (яны прайшлі адбор на сёлетняе «Басовішча», але ня здолелі прыехаць) і «Крок». Пачатак а 19-й.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0