Не падманвайцеся наконт амапаўцаў, шаноўная Настасься Азарка.

Зь цікавасьцю прачытаў нататкі Настасьсі Азаркі «Пяць дзён у рэальным сьвеце». Ня можа ня ўражваць вера ў слушнасьць сваіх ідэй. Але складваецца ўражаньне, што ўся падзея ўспрымаецца спн.Азаркай як прыгода, хоць непрыемная, але бяскрыўдная. Гэта асаблівасьць часта сустракалася ў шэрагах колішніх нефармалаў і датрывала да часоў сёньняшняга рэжыму.

Ці не адсюль дзіўная выснова, што адданыя памагатыя рэжыму (КДБ, АМАП, невядомыя «людзі ў цывільным») — гэта нашы людзі? На жаль, прыхільнікі такой думкі ніколі не вызначаюць (хоць бы дзеля параўнаньня), хто ж тады нянашы. Бо калі мы ўсе «нашы», адкуль барацьба?

Людзі гэтыя нянашы, бо дзейнасьць іх, агрэсіўная і па большасьці супярэчная Канстытуцыі, скіравана менавіта супраць нас, а заадно і супраць усяго грамадзтва.

АМАП і КДБ створаны дзеля задушэньня любога іншадумства, іншым не праславіліся. Што да вызначэньня «наскасьці» гэтых людзей, то яна акрэсьліваецца толькі адзіным для абодвух бакоў грамадзянствам. Але мы і яны настолькі па-рознаму бачым, якой павінна быць дзяржава, што яны кідаюцца на нас з дубінкамі як з адзіным аргумэнтам. Дапамагаюць ім нашы (?) судзейскія «матроны», якія з «мацярынскай суворасьцю» прызначаюць максымальныя пакараньні і астранамічныя штрафы.

На службу гэтай справе з уласнага выбару, сьвядома, добраахвотна пайшлі «прыгожанькія Сярожкі». Калі з прызывам у войска ўзьнікаюць пэўныя клопаты, то недахопу ў «прыгожанькіх Сярожках» няма. Яны не мабілізаваныя, а нанятыя, як, прыкладам, рабочыя і служачыя, таму называць іх жаўнерамі нельга. Ня той маюць статус і абавязкі, каб залічаць іх да «дзяцей». Гэта небясьпечная памылка. Старых і маладых гэтыя «дзеці» зьневажаюць, зьбіваюць і кідаюць за краты зусім не празь дзіцячую легкадумнасьць. Калі і здараюцца зь іх боку людзкія паводзіны, то гэтае выключэньне назіраецца ў стасунках сам-насам.

Даруйце, спн.Настасься, але ваша пагадненьне з ахоўнікам — прыклад той самай інфантыльнасьці. Ніхто ні да кога ня мае прэтэнзій?! Вы што, злачынца? Зьдзейсьнілі антыграмадзкі ўчынак, а ён абараніў грамадзтва ад вашых злых намераў? У гэты дзень грамадзтва заплаціла яму за антыграмадзкую працу. Яшчэ ў ХІХ ст. славуты францускі пісьменьнік зьдзекаваўся з «суладзьдзя» ката і ахвяры на эшафоце.

Справа ня ў тым, каб шырыць біялягічную нянавісьць да паслугачоў рэжыму, а ў тым, каб аддзяляць асабістыя, выпадковыя па сутнасьці дачыненьні і ўражаньні ад палітычных высноў і зьвязанай зь імі стратэгіі грамадзкай дзейнасьці. Злачыннасьць дыктатарскіх рэжымаў звычайна пэрсаніфікуецца ў першай асобе, але не ўвасабляецца ў ёй адной і не адной ёю забясьпечваецца.

Тыя «мілыя дзеці» могуць служыць толькі адпаведна свайму сьветапогляду і засвоеным мэтадам: біць! А з часам сёньняшнія «дзеці АМАПу» пяройдуць у шэрагі азьвярэлых адстаўнікоў, падобных да тых, якія не пускалі дэмакратычных вэтэранаў ускласьці кветкі да помніка Перамогі і якія носяцца з партрэтамі Сталіна. «Дэмакратычная» Расея якраз стварае «кіроўную (кім?) дэмакратыю» з дапамогай падобных іхніх. Вынік аналягічны беларускаму.

Аркадзь Жукоўскі, Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0