Адзін з нас

«НН»: Я думала, з Вашаю спэцыяльнасьцю эканаміста-міжнародніка тут рабіць няма чаго.

АЯ: З майго курсу шмат людзей зьехала. Але я для сябе ня бачу магчымасьці рэалізацыі за мяжою. Калі жывеш тут, маеш магчымасьць удзельнічаць у грамадзка-палітычных працэсах. А гэта найпершая сфэра жыцьця, якая мяне цікавіць і ў якой я хачу рэалізавацца. Там можна багацей жыць, больш магчымасьцяў для вольнага часу і вандровак, але для мае працы тут заставацца цікавей.

«НН»: Гэта вялікае пытаньне — пра самарэалізацыю ў палітыцы. Шмат хто з палітыкаў тут кансэрвуецца, як агурок у добрай гаспадыні.

АЯ: Я гэтага не баюся, хаця кансэрвацыя сапраўды адбываецца. Мы маглі б займацца сёньня пытаньнямі зусім іншага ўзроўню, чым займаемся. Пад ляжачы камень жа вада не цячэ. Некаму ж трэба працаваць тут.

«НН»: А гэта не зацятасьць? ККДз Вашых дзеяньняў сапраўды такі, што трэба варочаць гэтыя заржавелыя падважнікі? З кожным днём усё больш сумневаў. Разумны чалавек мусіць сумнявацца пры марнай працы.

АЯ: А я перакананы, што ня толькі наша пакаленьне, але й старэйшыя будуць жыць пры іншым сацыяльна-эканамічным ладзе. Трэба рыхтаваць зьмены. Нават сёньня, пры цяперашнім рэжыме кіраваньня краінай, можна рабіць шмат-шмат добрага.

«НН»: Я ўчора хадзіла на апытаньне па розных раёнах Менску — дэмакратычных, багемных, чыноўніцкіх — і ўсюды задавала пытаньне: ці зьбіраюцца людзі браць удзел у выбарах у ПП НС. Ніхто ня верыць у мэтазгоднасьць удзелу, малая частка зьбіраецца. Давяраюць толькі тым дэпутатам, якія былі дырэктарамі прадпрыемстваў ды саўгасаў і «здолелі палепшыць якасьць прадукцыі». Вас не засмучаюць вынікі?

АЯ: Сам хаджу па кватэрах і сутыкаюся з такімі ж думкамі: ніхто ня верыць, што нейкі чалавек патрапіць штосьці зьмяніць. Людзі перакананыя, што кандыдаты перасьледуюць прыватныя мэты. Часта ў іх гаворыць здаровы розум. Нейкі кандыдат абяцаў нешта зрабіць, прайшоў — і не зрабіў. Зь людзьмі ўсё нармальна, ня ўсё нармальна з палітыкамі. Гэта засмучае, але нашмат лягчэй памяняць палітыкаў, чым зьмяніць грамадзтва.

«НН»: А чым жа Вы прымусіце выбарцаў верыць — пасьля тых гаваруноў?

АЯ: Адзін са слоганаў маёй дзейнасьці застаецца: «Я нарадзіўся тут, і я буду жыць тут». Ён падабаецца людзям незалежна ад сацыяльных і ўзроставых катэгорыяў. Прывабнасьць жа мая як палітыка й кандыдата найперш у тым, што людзі могуць мяне ўбачыць на парозе сваёй кватэры, паглядзець мне ў вочы і пераканацца, што я не хлушу, бо я сапраўды не хлушу. Я не абяцаю ім, а пытаюся: якія ў вас праблемы. Я не абяцаю вырашыць усе гэтыя праблемы, але кажу, што нікуды ня зьнікну з вашых арбітаў, буду жыць тут і працаваць тут дзеля вас. Пастараюся праблемы вырашыць. А паколькі я малады, веру ў сябе, маю здароўе, сілы, энэргію й добрую адукацыю, са мной каманда людзей, якія шмат на што здольныя…

«НН»: А калі Вас спытаюць, што Вы зрабілі са сваёй адукацыяй?

АЯ: Калі нейкая партыя або структура знаходзіцца ў апазыцыі, яна непазьбежна сутыкаецца з пытаньнем: «А што вы зрабілі?» І ў Брытаніі, і ў Беларусі апазыцыйная партыя ня можа сказаць, што зрабіла шмат, але можа паказаць праграму й бачаньне, як краіна павінна разьвівацца. І мы спадзяёмся, што людзі падтрымаюць нас.

«НН»: У Вашай партыі вялікі адмоўны рэйтынг. Вы шчыра кажаце выбарцам, ад якой Вы партыі, альбо мецяце лісіным хвастом, як гэта бывала зь некаторымі кандыдатамі на мінулых выбарах?

АЯ: Ужо трэцяй фразай я гавару, зь якой я партыі, і, калі бачу, што мяне не зразумелі, я паўтараю. Быць у Партыі БНФ было й заўсёды будзе гонарам для мяне. Бывае, што людзі адказваюць: «Мы БНФ не падтрымліваем», — але пасьля размовы кажуць: «Мы будзем за Вас галасаваць, вы нам падыходзіце». Гэта пытаньне нармальнае размовы зь людзьмі. Узяць старых людзей. Ім ня столькі трэба падвышэньне пэнсіяў (яны самі так кажыуць), колькі павага да іх, іхнага досьведу і працы. Ім перадусім патрэбная ўвага.

«НН»: Народ не дурны й ня хворы?

АЯ: Зусім не дурны. Хварэе хіба на адчужанасьць. Але й гэта не хвароба, а бяда. Калі людзям даць пэрспэктыву, гэты момант паддаецца вылячэньню. Мы ўсе суайчыньнікі. Мы адзін народ.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Гутарыла Сьвятлана Курс

*

Аляксей Янукевіч, 28 гадоў, нарадзіўся і жыве ў менскай Чыжоўцы. У 1998 скончыў факультэт міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ па спэцыяльнасьці эканаміст-мэнэджэр. Іграе на баяне, ударных, гітары. Умее слухаць музыку не як фон. Любіць гістарычную й мэмуарную літаратуру. Аднак асноўны занятак і выбар — палітыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0