«Штампік у пашпарце ня значыць нічога»

Якія асацыяцыі ў вас нараджае слова «цыганы»? Галасістыя цёткі, што на вакзалах ды базарах навязьліва прапануюць паваражыць? Шэдэўр савецкага кінэматографу «Табар адыходзіць у неба»? Гітарныя пераборы ды надрыўны стогн скрыпак? Насамрэч гэта ўсё мае вельмі ўскосныя адносіны да рэальнага цыганскага жыцьця — жыцьця із сваімі законамі і правіламі, сваім маральным кодэксам і нормамі паводзін, сваёй мовай і культурай. Для нас іх сьвет цалкам закрыты. Прыадкрыць гэты сьвет згадзіўся Мікола Калінін, каардынатар праекту «Прававая дапамога прадстаўнікам цыганскага насельніцтва Беларусі».

«НН»: Колькі ў нашай краіне цыганоў?

Мікола Калінін: Сёньня існуюць дзьве лічбы. Адна зь іх дзяржаўная, якая не адпавядае рэчаіснасьці. І іншая лічба, якую дае, напрыклад, беларуская асацыяцыя цыганоў «Рома», — каля сямідзесяці тысяч цыганоў. Найбольш кампактна яны жывуць у мястэчках. Каля Віцебску, за цэнтрам гораду, існуе цэлы цыганскі пасёлак Себяхі. Вельмі шмат цыганоў. Асабліва пасьля таго, як там аселі малдаўскія цыганы-бежанцы.

«НН»: А качавых цыганоў ужо не засталося?

МК: Не, чаму? Існуюць качавыя цыганы, напрыклад таджыцкія цыганы, якія называюць сябе «люлі». Прыкладна два гады таму іх было вельмі шмат у Менску. Асабліва ў цэнтры гораду. Існуюць, безумоўна, румынскія і вугорскія цыганы і цыганы Закарпацьця. Ну, яны качавыя не таму, што ім гэта падабаецца. Яны адтуль бягуць. Калісьці яны былі прыбеглі сюды, пажылі некаторы час, а затым зьбеглі адсюль. Бо тут такое самае становішча для цыганоў, як у Закарпацьці ці ў Таджыкістане.

«НН»: А што гэта такое — «нарадзіцца цыганом»? У Беларусі…

МК: Гэта гора. Ад самага дня нараджэньня вы адчуваеце, што вы ізгой, што вы не такі, як усе. Гэта ідзе за вамі ўсё ваша жыцьцё. Ад нараджэньня, ад таго, як вы ідзяце ў школу, вы пачынаеце адчуваць сябе іншым чалавекам. І справа ня ў вас, а ў тым, што так да вас ставяцца іншыя. Нічога добрага ў тым, каб «нарадзіцца цыганом», я ня бачу.

«НН»: Людзі ходзяць у школу. А ці паступаюць у інстытуты?

МК: Паступаюць. Але цыганы з вышэйшай адукацыяй — гэта нейкія выключныя людзі. Іх вельмі мала. Цыганы ня маюць сярэдняй адукацыі, бо вельмі складанае жыцьцё. Трэба зарабляць грошы, а не вучыцца. Гэта могуць дазволіць сабе вельмі багатыя сем’і, каб, напрыклад, дзяўчына была адукаваная. Мела 12 клясаў адукацыі. Для астатніх гэта вельмі праблематычна. Лепей паслаць яе на базар, каб яна гандлявала нейкімі шмоткамі і прыносіла грошы. Што тычыцца вышэйшай адукацыі, прывяду адзін факт. На тэрыторыі Польшчы, усёй Прыбалтыкі і Беларусі — толькі два цыганы-юрысты. І гэта на пяць краін. І я адзін зь іх. Гэта катастрофа. Уладзе трэба задумацца — а што будзе далей? Гэта ж людзі. І калі яны будуць неадукаваныя, дык куды ім ісьці? Яны сыдуць у цень. У ценявы бізнэс. І нічога добрага ні для цыганоў, ні для ўлады я тут ня бачу.

«НН»: І хто вінаваты ў такім становішчы? Дзяржава ці ўклад жыцьця цыганоў?

МК: Цыганскі ўклад жыцьця тут ні пры чым. У Савецкім Саюзе існавала нейкая дырэктыва, згодна зь якой да цыганоў, што жадалі атрымаць вышэйшую адукацыю, ставіліся ляяльна. 99 працэнтаў цыганоў, якія цяпер маюць вышэйшую адукацыю, — людзі сталага веку. І бяда ў тым, што моладзь зусім неадукаваная. Працэнтаў 95 цыганскай моладзі ня маюць пяці клясаў пачатковай школы. А ўсе адукаваныя — гэта старыя. А тыя, хто цяпер з моладзі адукаваны, — гэта, безумоўна, цуд. Традыцыйны ўклад жыцьця ні пры чым. Цыганы здольныя да навук. Вельмі цікавяцца навукамі. Але справа ў тым, што немагчыма паступіць у той ці іншы інстытут. Вось вам жывы прыклад. Цыган з гораду Слуцку скончыў школу з залатым мэдалём. І прыехаў у Менск паступаць у эканамічны ўнівэрсытэт. Ну, ён з выгляду такі чарнявы. І нацыянальнасьць у пасьведчаньні аб нараджэньні. І яму проста адмовілі. Нават не прынялі ягоных дакумэнтаў. Тады што? Ягоны бацька, стары бацька, прыехаў сюды ў Менск, пайшоў сварыцца з гэтымі чыноўнікамі. Яны яго наагул адштурхнулі, гэтага бацьку. «Ідзі ты куды далей». Тады ён зьвярнуўся ў ААН. І нейкі добры чалавек пашкадаваў гэтага хлопца і тэлефонным званком папрасіў свайго сябра ў магілёўскім унівэрсытэце — вазьмі яго, чалавек хоча вучыцца. Гэта нармальная сытуацыя? І такіх прыкладаў шмат. І я ня мог паступіць у дзяржаўную ВНУ ніяк. Я навучаўся на грошы Сораса ў прыватным інстытуце.

«НН»: І дзе выйсьце?

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Гутарыў Зьміцер Бартосік

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0