Больш за паўтара году таму, 23 студзеня 2003 году, Аляксандар Лукашэнка паставіў перад новым міністрам спорту і турызму Юрыем Сіваковым задачу заваяваць у Атэнах 25 мэдалёў.
У красавіку гэтага году падчас штогадовага пасланьня парлямэнту прэзыдэнт паўтарыў: «Нам патрэбен вынік — 25 мэдалёў. Няшмат, 25. Я ж не 100 прашу». Дарэчы, больш за 100 мэдалёў заваявалі толькі ЗША (103).
Беларусы сабралі на 10 мэдалёў меней — 2 залатыя, 6 срэбных і 7 бронзавых. Нагадаем, што ў Сыднэі было 17 узнагарод (3 залатыя, 3 срэбныя, 11 бронзавых). У Атэнах па тры мэдалі прынесьлі ў скарбонку цяжкаатлеты, весьляры. А вось праваліліся мы ў плаваньні. Дый каб ня посьпех Юліі Несьцярэнкі, выступ нашых лёгкаатлетаў (тры мэдалі) можна было б прызнаць няўдалым. Найбольш дальнабачным аказаўся дэпутат Уладзімер Парфяновіч. Ён спрагназаваў 14 мэдалёў.
Кіраўніцтва ж Мінспорту дружна пачало намякаць на неадназначнае стаўленьне да Беларусі з боку Эўразьвязу і г.д. Праўда, пакуль яшчэ ў агульным кантэксьце. Маўляў, ня любяць маленькія краіны ў сьвеце. Сюды дадамо пастаянныя апэляцыі да Бога, якія надта ж злавалі.
Але праблемы — унутры. Да Пэкінскай Алімпіяды — чатыры гады. Многія з тых, хто прынёс беларусам мэдалі ці спыніўся за крок ад п’едэсталу (мы заваявалі 10 чацьвёртых месцаў!), не паедуць у Кітай. Наша вясьлярка Кацярына Карстэн мае 32 гады і — што больш важна — надта капрызны характар.
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
Алег Раявец