Незарэгістраваныя кааліцыі працягваюць высьвятляць адносіны паміж сабой — дзе й каго трэба вылучаць, каго падтрымліваць, БТ прадаўжае паліваць усю апазыцыю брудам. Усё гэта можна было б назваць домам вар’ятаў, калі яно б ня сталася звыклай руцінай.

Беларускі рэфэрэндум быў абвешчаны, як вядома, на другі дзень жалобы ў Расеі. А на 9-ы дзень пасьля крывавай трагедыі ў Беслане, 11 верасьня (!) у Менску адбылося сьвята гораду. Адныя ўбачылі ў гэтым тонкі псыхалягічны разьлік, другія — грубы палітычны выклік. Шмат увагі надавалася той акалічнасьці, што беларускія ўлады пайшлі на падман, калі склікалі людзей на Кастрычніцкую плошчу ў Менску нібыта на мітынг салідарнасьці з ахвярамі тэракту ў Расеі, а паказалі ім выступ Лукашэнкі, тым самым стварыўшы ілюзію цікавасьці народных масаў да рэфэрэндуму.

Шмат увагі надавалася й таму, як будуць успрыняты падобныя маніпуляцыі ў Крамлі ды ў Вашынгтоне. Адным словам, рэакцыя незалежнай прэсы была звычайнай у такіх выпадках. (Гаварыць аб рэакцыі афіцыйнай прэсы ўвогуле няма сэнсу.) Цікавасьць журналістаў выклікаў ня столькі сам факт абвяшчэньня рэфэрэндуму (якога нібыта ўсе даўно чакалі), колькі спадарожныя акалічнасьці. Напрыклад, абвесьціць ці не абвесьціць Эўрапейскі Зьвяз санкцыі супраць вышэйшага кіраўніцтва Беларусі? І якімі могуць быць гэтыя санкцыі? Іншымі словамі, апазыцыю, а разам зь ёй і прэсу, сам факт абвяшчэньня рэфэрэндуму пакінуў амаль абыякавай. Гэтага кроку Лукашэнкі, відаць, так даўно чакалі (прынамсі, аб гэтым заяўляла апазыцыя), што, калі ён стаўся фактам, яму не надалі належнай увагі.

Праўда, сама фармулёўка ўсенароднага апытаньня: «Ці не пярэчыце Вы супраць удзелу Аляксандра Лукашэнкі ў прэзыдэнцкіх выбарах?» — дала падставы для сарказму («так, не пярэчу» — «не, не пярэчу»). А вось той факт, што прэзыдэнт парушыў прынятую зь ягонай жа ініцыятывы Канстытуцыю, выклікаў зусім млявыя эмоцыі. Урэшце, ня першы — трэці раз запар, пачынаючы з 1995 г., над Асноўным законам Беларусі ўчыняюць экзэкуцыю. І трэці раз запар грамадзкасьць — ня будзем ускладаць усю адказнасьць толькі на палітычную апазыцыю — задаецца рытарычным пытаньнем: хто нам дапаможа?

Нядаўна адзін расейскі навуковец-усходазнавец у інтэрвію «Новой газете» параўнаў сваё грамадзтва з дэбільным хлопчыкам, які ўвесь час паўтарае «У попа была собака…», не заўважаючы заганнага, у гэтым «вершы» закладзенага. Параўнаньне падаецца слушным ня толькі ў дачыненьні да расейскага грамадзтва. Айчынная апазыцыя, а разам зь ёй і «прагрэсіўная грамадзкасьць», рэгулярна трапляе на вуду ўлады, якая прапануе згуляць зь ёй у шахматы (г.зн. паўдзельнічаць у выбарах), а потым б’е шахматнай дошкай (указам) па галовах «грасмайстраў». У кожнага шахматыста, ня кажучы пра грасмайстра, павінна быць у галаве стратэгія гульні. У нашым выпадку гэтага, на жаль, не назіраецца.

Калі палітычныя партыі — ад сяброў кааліцыі «5+» да «Народнай Грамады» Статкевіча — прымалі рашэньне ўдзельнічаць у сёлетніх парлямэнцкіх выбарах, яны, відаць, зусім ня ўлічвалі магчымасьці рэфэрэндуму, хоць увесь час голасна гаварылі аб такой пагрозе. Бо ўдзел апазыцыі ў выбарах, якія адбудуцца паралельна з рэфэрэндумам, аўтаматычна надае яму выгляд легітымнасьці. Апазыцыя тым самым трапляе, мякка кажучы, у двухсэнсоўнае становішча.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0