Калі б у сьвеце існавала гэткая камісія, у абавязкі якой уваходзіла б ацэнка алькагольнага вынаходніцтва, дык Беларусь у яе рэйтынгу займала б адно зь першых месцаў.
На дварэ — красавік. На календары — 8-га. Сёньня чарговая гадавіна сьмерці майго дзеда Яўгена. Кажуць, сьпірытычнай сувязі не існуе. Цяжка пагадзіцца, калі твой родны дзед памірае ў ноч твайго нараджэньня. Сьвяточны дзень даўно ўжо перастаў быць такім. Памяць заўжды выціскае сьвята. Меней чым праз два тыдні — Радаўніца. Едзем да дзеда на Койданаўшчыну. На Машчонаўскіх могілках, што павольна раскінуліся на лясістым узгорку, шматлюдна. Там — прыбіраюць, тут — памінаюць. Час — за поўдзень. Выпіваюць і закусваюць усё часьцей. Здаецца, гэтая дзея будзе цягнуцца вечна. Вось і першыя «ахвяры» памінальнага рытуалу: два яшчэ нестарыя мужчыны старанна выпісваюць васьмёркі на сьцежцы, што лучыць вёску ды могілкі. Робіцца млосна: сьветлая памяць пра блізкага чалавека й гарэлка ніяк ня могуць ужыцца у маёй сьвядомасьці.
«Шанец» у жыцьці
Пасьля могілак рушым да сваякоў. Гасьцей не чакалі. Брат Павал вызываецца пайсьці ў краму па хлеб. Да «магбзыну» (як заўжды казаў наш дзед, націскаючы на другі склад) сьцягваюцца мужыкі. Збор грошай у сьвяточны дзень ідзе вельмі ажыўлена. Набыўшы два боханы «Фармавога», Павал зь цікавасьцю дасьледуе вясковы «асартымэнт» напояў. Гарэлка «Новы век», другараднае малдаўскае віно за тры тысячы й «Шанец» за паўтары (па-нашаму — «чарніла») — вось, бадай, і ўвесь выбар. Нарэшце зьяўляецца «дэлегат» ад мужыкоў:
— Здароў, Зіна! Пляшачку нашага любімага…
Не пасьпеў «дэлегат» пераступіць парог крамы, а бутэлька ў ягоных руках ужо адкаркаваная й вясковец з асалодай пацягвае любімы напой з рыла. За рогам з «Шанцам» канчаткова распраўляюцца астатнія сябры таварыства аматараў чарніла. І ўсё пачынаецца спачатку. Зборы, крама, «Шанец», кіслая асалода… І гэтак да самага вечару, ажно пакуль на вуліцы ня зьявіцца чыя-небудзь разьятраная жонка, прыкмеціўшы ў талацэ свайго чалавека.
Хутка з адыходам першага разбрыдаюцца па дамох і астатнія.
Як пілі, так і п’юць
Імкненьне да таннага ў нашых людзей у крыві. Якая розьніца, якой якасьці. Галоўнае, каб ня дорага абышлося. Сёньняшні «Шанец» у вясковай краме па-свойму перагукваецца з тым, што адбывалася на пачатку мінулага стагодзьдзя, а наша нацыянальная традыцыя найлепшым чынам укладаецца ў канву шырока разрэклямаванага слогану: «У два разы болей — за тыя ж грошы!»
94 гады таму «Наша Ніва» паведамляла: «С.Хоміна. Магіл. губ. Гор.п. Дажыліся нашы суседзі да таго, што аж стыдна прызнацца! Шмат па якіх вёсках таргуюць гарэліцай як жыды, так і самі сяляне. Напрыклад, у суседняй вёсцы адзін селянін купляе той сьпірытус, каторы ўжываецца заместа газы, і, разбавіўшы вадой, прадае заместа гарэлкі. Адзін ласун ад такой прыправы ўжо выправіўся на той сьвет; другога чуць адратавалі. Найбольш ліецца гарэлка на вясельлях; і там, каб таньней абышлося, ужываюць, разьвёўшы вадой, таго сьпірытусу, каторы толькі згодны замест газы, а для людзей — атрута».
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
Кастусь Лашкевіч