Трэба аддаць належнае кіраўніку дзяржавы. У адрозьненьне ад папярэдніх рэфэрэндумаў, яму хапіла сумленьня не спалучаць з цэнтральным пытаньнем рознага хлуду. 10 гадоў і яму не прайшлі без навукі, і ён вырас разам з усёй нацыяй.17 кастрычніка мы станем сьведкамі, а нехта нават і ўдзельнікам рэдкага моманту ў палітыцы.

Апазыцыя, абвясьціўшы аб акцыі 18 кастрычніка, паказвае: яна гатовая той момант злавіць, яна не абмяжоўваецца ламаньнем галавы, як бы прызнаць рэфэрэндум незаконным.

Я ўсюды гавару па-беларуску, і часта людзі рады разгаварыцца на мове. Проста таму, што такую магчымасьць у сталіцы яны маюць нячаста.

На наступны дзень па выступе прэзыдэнта мне давялося завітаць у паліклініку па даведку для наведваньня басэйну — пасьля пераабраньня ў ПЭН-цэнтры зьявілася трохі вольнага часу. І пакуль мяне запісвалі ў чатыры рэгістры, завязалася размова пра абвешчаны плебісцыт.

Сястрычка: «Што мог, тое зрабіў, цяпер хай бы й другому даў».

Доктар: «Гэты раз ён павінен трымацца жалезна. Калі ён прайграе цяпер, дык, бадай, і ўлады не захавае. Тут усё канкрэтна. Гэта не 1996-ы і не 1999-ы».

Сястрычка: «Пра які вы пройгрыш гаворыце? Напішуць яму зноў 70%! Нават 53 не напішаш — засьмяюць, ніхто не паверыць».

Доктар: «Напісаць не паможа. Людзі ж будуць ведаць».

Дарэчы, з даведкай мяне чакаў сюрпрыз. За шматочак паперы з кангеніяльным штампам «Агледжаны на пэдыкулёз» — цяпер трэба плаціць. Такая вось бясплатная мэдыцына і клопат пра фізкультуру. У чарговы раз згадаў клясыка: і як ні кляў я гэту п’яўку, а мусіў даць рубель за спраўку. Назваць п’яўку па прозьвішчы не магу, бо засудзяць, ды вы і так ведаеце, каго я маю на ўвазе.

Вось што думаюць пра абвешчаны рэфэрэндум людзі.

Прапанаваная зьмена ў Канстытуцыю ўскладняе мэханізм дэмакратычнага абнаўленьня ўлады — якому беларусы абавязаны пазытыўным пераменам 90-х, выхадам з эканамічнага крызысу, нізкай карупцыяй. Таму яна непрымальная, і «НН» не хавае свайго адмоўнага стаўленьня да яе.

Сам факт рэфэрэндуму выяўляе слабасьць рэжыму. Замены Лукашэнку няма, безь яго рэжым ня здольны функцыянаваць. Уласна, няма сыстэмы, ёсьць рэжым. Прычым якая псыхічная нагрузка на чалавека! Выйграе Лукашэнка ў кастрычніку — яму прыйдзецца даказваць тое самае ў 2006 г., толькі яшчэ й супраць рэальнай альтэрнатывы.

Як Лукашэнка ні цягнуў, а такі мусіў, ліхаманкава хапаючыся за нагоду тэрактаў у Расеі, абвясьціць рэфэрэндум у сытуацыі, калі ён разгромна прайграе ў розумах выбарцаў. Паводле зьвестак сацыёлягаў, большасьць грамадзянаў маюць намер адказаць «не» або праігнараваць рэфэрэндум.

У выпадку пройгрышу Лукашэнку нядоўга застанецца цешыцца новым «Боінгам». Ні Захад, ні Ўсход, ні новаабраны парлямэнт на ратунак не пабягуць.

А калі выбарцаў гвалтам змусяць або проста запішуць у пратаколах ад балды 70%? Нікога гэта не падмане. Не былі б мы беларусамі, калі празь дзень пра ўсе фальшэрствы ня стала вядома ад саміх сяброў камісій і міліцыянтаў.

Улада легітымізуецца дваяка — легітымнасьцю юрыдычнай, адпаведнасьцю літары закону і легітымнасьцю ў розумах людзей, адпаведнасьцю прынятым уяўленьням пра справядлівасьць і законнасьць улады. Апазыцыя надта зважала на першую, але хто, калі ня сам Лукашэнка, даказаў, што галоўнае — другое?

Калі 18 кастрычніка нацыя зразумее падман, Лукашэнку прыйдзецца крута. Любая нечаканасьць можа зьмяніць сытуацыю.

Акадэмік Вайтовіч прызнаецца ў «Аrche» — гэта будзе надрукавана ў чарговым нумары, — што галасаваў у 2001 г. супраць Лукашэнкі. Такіх Вайтовічаў на вяршыні ўлады многа. Гэта Чыгір у 1996-м пайшоў у адстаўку ў знак пратэсту. Іншы зможа і цьвёрдасьць праявіць, застаўшыся на пасадзе. Карацей, ідэя «Хай бы другому даў» можа знайсьці нечаканых прыхільнікаў.

Лукашэнка пунктуальна выконвае напрацоўкі паліттэхнолягаў. І пытаньне замаскаваў, і рыторыку падфарбаваў. Апазыцыя загнана ў падпольле і выбарцу не знаёмая. Нібыта апазыцыйныя выданьні прапагандуюць нявер’е ў апазыцыю. Дзяржаўныя СМІ пасьпяхова вярнуліся на ўзровень 1973 году. Прэзыдэнту няма на што скардзіцца. Ад гэтага кампаніі не стае інтрыгі. «Ад дабра дабра не шукаюць» — вось і ўся катрынка. Лукашэнка бяжыць па дарожцы без суперніка. Ня стаць кумірам таму, хто на арэне змагаецца ў адзіноце. Калі ворага няма, замест яго выстаўляюць пудзіла — пачалі з тэлесэрыялаў пра апазыцыю.

Ня варта ашуквацца наконт адпорнасьці грамадзтва на абалваньваньне: галасавалі ж выбарцы і за патаптаньне роднае мовы, і супраць кантролю за дзяржаўнымі грашыма. Ня варта цешыцца ілюзіямі наконт здольнасьці разагнанае апазыцыі прынесьці свае ідэі ў кожную хату. Але цяпер супраць Лукашэнкі выступаюць нябачныя гульцы, мацнейшыя за ўнутраных і замежных ворагаў. Гэта дакука, абывацельская любоў да перамен, а таксама раскоша. Пры такім росьце дабрабыту, як цяпер, людзі ня маюць больш патрэбы ў крызысным кіраўніку, якім па тэмпарамэнце ёсьць Лукашэнка. Супраць Лукашэнкі гуляе сам час, у якога шчэ ніхто не выйграваў.

У кастрычніку Лукашэнку чакае самае рызыкоўнае прадпрыемства за 10 гадоў. …І нашчадкі напішуць на камені: «Ён любіў уладу больш за Айчыну і жыцьцё».

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0