Марак Карп… Помніцца ён на прыступках Менскае Опэры падчас нейкага мітынгу, год 93-і ці 94-ы. Цікава ім, палякам, было зразумець, што насамрэч адбываецца ў гэтай малазразумелай Беларусі. Яны гатовы бясконца распытваць, пісаць нашы палкія прамовы на свае дыктафоны.

А ў Марака да таго ж цікавасьць спэцыфічная: ён навуковец, гісторык, і, хаця ў Варшаўскім унівэрсытэце спэцыялізаваўся па сярэднявеччы, сапраўдным ягоным захапленьнем стала Ўсходняя Эўропа, перадусім Літва, Беларусь. Захапленьне пачыналася са старонак нелегальных выданьняў часоў «Салідарнасьці», а калі завіравалі падзеі ў Літве і Беларусі, Марак, здаецца, жыў у сваім аўто, у якім матляўся паміж Варшавай, Вільняй і Менскам. О, яму хацелася, каб тут пайшло на лад, каб Літва і Беларусь сталі сапраўднымі паплечнікамі новай Польшчы!

Ён разумеў, што новая сытуацыя патрабуе новых, больш дакладных падыходаў, і пераконваў новую дэмакратычную польскую ўладу ў неабходнасьці стварэння Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў (Ośrodek Studiów Wschodnich), быў яго першым і шматгадовым дырэктарам. Цэнтар — сапраўднае яго дзіця, якое ён песьціў, якім ганарыўся як уплывовай, высокапрафэсійнай аналітычнай інстытуцыяй.

Марака можна было бачыць на ўсіх канфэрэнцыях, прысьвечаных Беларусі. Не адна шчырая размова адбылася ў нас на варшаўскай вуліцы Кошыковай, дзе месьціцца Цэнтар. Апошняя надарылася ў канцы траўня. Гэта ўжо быў не ягоны кабінэт, а маленькі пакойчык, ён распавядаў, як адсунулі яго ад справы ягонага жыцьця… Трымаўся нармальна, але было відаць, што яму баліць.

І вось балючая навіна — Марака няма. Дзьве фуры літаральна сьціснулі ягоную машыну. Больш за месяц ён змагаўся ў шпіталі на Валоскай, бо быў дужы, упарты і целам і духам. Нездарма амаль уласнымі рукамі пабудаваў цудоўную сядзібу на Падляшшы, сапраўдны ўзор сучаснай сялянскай гаспадаркі.

Яму было 52 гады. Незалежная Літва ўганаравала яго ордэнам Гедыміна. Летась вылучалі Марака на прэмію імя Гедройца.

Будзем спадзявацца, што ў ліку польскіх сяброў Беларусі застанецца імя Марака Карпа.

Сямён Букчын

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0