Папулярнасьць лукашэнкаўцаў настолькі нізкая, раз ім прыходзіцца ўжываць такія маніпуляцыі? Улады не зарэгістравалі 100 дэмакратычных кандыдатаў. Народную артыстку Беларусі Зінаіду Бандарэнку, прыкладам, — за тое, што яна недадэкляравала 20 (дваццаць) рублёў. «Нават у такіх умовах — змагацца!» — мяркуюць дэмакраты.

Усяго да выбараў не дапусьцілі палову дэмакратычных прэтэндэнтаў. Прычыны нерэгістрацыі — самыя квяцістыя.

Актывіст АГП Уладзімер Шанцаў у Магілёве «забыўся паставіць асабісты подпіс пад заявай». Генэрал Грыб дэкляраваў свае чэкі «Маёмасьць» (па якіх ніхто нікому ў нашай краіне ня плаціць), якія ён уклаў у Менскі гадзіньнікавы завод. А з заводу паведамілі, што чэкі ператварыліся ў акцыі, і гэта дало падставы акруговай камісіі абвінаваціць Грыба «ва ўтойваньні акцый». Зінаіда Бандарэнка ў Смургонях «утаіла» ад дэклярацыі… 20 рублёў. Старшыня акруговай камісіі, зачытваючы вэрдыкт, пачырванеў.

Найярчэйшым прыкладам бракаваньня подпісаў стала сытуацыя Тадэвуша Гавіна ў Гарадзенскай сельскай акрузе. Ініцыятыўная група з 80 чалавек сабрала за прэтэндэнта 6137 подпісаў. Аднак здалі, дзеля перастрахоўкі, толькі 1088. Практыка сьведчыць, што чым больш подпісаў прэтэндэнты здаюць, тым больш магчымасьцей у акруговае камісіі знайсьці недахопы. Што робіць акруговая камiсiя? Яна едзе да выбаршчыкаў, што падпісваліся за Гавіна, і «далікатна» прапануе адмовіцца ад подпісаў! У выніку ў гэтай акрузе кандыдатка ад настаўнікаў будзе змагацца за дэпутацтва з кандыдатам ад мэдыкаў — дырэктарка Путрыскай сярэдняй школы супраць галоўдоктара Гарадзенскага раённага шпiталю.

Не мінула «чаша сія» дзейных дэпутатаў палаты прадстаўнікоў з «Рэспублікі». У подпісах, сабраных за Ўладзімера Парфяновіча, акруговая камісія нібыта знайшла несапраўдныя. Самае пекнае ў гэтай гісторыі — пастанова аб адмове ў рэгістрацыі датаваная 16 жніўня (!). «За памылкі мусілі б адказваць усе», — вось і ўсё, што са скрухаю можа сказаць У.Парфяновіч.

У пастанове Лідзкай гарадзкой камісіі аб адмове ў рэгістрацыі Сяргею Скрабцу гаворыцца, што знойдзены несапраўдныя 66 подпісаў з 1460, пададзеных ініцыятыўнай групай. Дэпутат прывёў такі факт: 11 подпісаў жыхароў дому на вул. Качана, 6, корпус 1 у Лідзе прызналі несапраўднымі, бо, паводле даведкі гарадзкога БТІ, такога дому нібыта няма. А дэпутат паказаў усім прысутным здымкі дому, на якім выразна відаць шыльда з гэтым адрасам, а ў пашпартах жыхароў дома пазначана менавіта такая прапіска. Нават гэтыя аргумэнты С.Скрабцу не дапамаглі. Цэнтравыбаркам са сьмешачкамі адмовіў яму ў ягонай скарзе. Дэпутат ня мае ілюзій наконт таго, што яго не «зарубяць» канчаткова. «Мяне будуць душыць да канца: мае шанцы перамагчы ў Лідзе складалі 90%». Тым ня менш, незарэгістраваныя кандыдаты ад Гарадзеншчыны падалі скаргі ў Вярхоўны суд.

Сытуацыя абсурдная: фактычна, улада сама сабе выбірае канкурэнтаў. Гэта калі б Буш, прыкладам, сам выбіраў, каму з Дэмакратычнае партыі балятавацца.

Лепш за ўсё сытуацыю ілюструюць сухія лічбы. З 63 кандыдатаў, падтрыманых АГП, зарэгістраваны толькі 31. Зь «першае трыццаткі» партсьпісу 70% прэтэндэнтаў адсеклі. І хаця кандыдатамі сталі вядомыя Станіслаў Багданкевіч (98-я Чкалаўская акруга), Людміла Гразнова (110-я Партызанская акруга), Аляксандар Дабравольскі (96-я Сьвіслацкая акруга, усе — Менск) — гэта ня можа кампэнсаваць страты. «Акруговыя камісіі мэтанакіравана не рэгістравалі тых прэтэндэнтаў, якія мелі ўсе шанцы перамагчы», — канстатуе старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Супраць прэтэндэнтаў, што належаць да «паралельнага грамадзтва», выкарыстоўваліся зьвесткі, атрыманыя ад фінансавых органаў. Гэтак, Юр’я Варонежцава ў Гомелі не зарэгістравалі, бо задэкляраваны ім за год даход быў меншы, чым сума, якую ён за год вытраціў на аплату мабільнага тэлефона. ЯўгенуЛабановічу (таксама АГП) паставілі ў віну «нерэалістычна малыя» даходы за год — 360 тысяч рублёў.

З 55 прэтэндэнтаў ад Партыі БНФ зарэгістраваны толькі 34 чалавекі.

З Народнай грамады празь сіта рэгістрацыі прапусьцілі толькі 28 прэтэндэнтаў з 56 вылучаных, вывеўшы з барацьбы Міхаіла Ганчарыка й Вольгу Карач.

З 38 прадстаўнікоў Партыі камуністаў беларускай кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваны толькі 20.

Найбуйнейшы спэцыяліст у галіне выбарчага заканадаўства ў краіне Міхаіл Пліска, які прадстаўляе АГП у Цэнтравыбаркаме, катэгарычна заяўляе: «Большая частка адмоў ня мае пад сабою падстаў».

Улады ўсё радзей прызнаюць права на палітычную альтэрнатыву, а ў выпадку пажыцьцёвага прэзыдэнцтва Лукашэнкі «канкурэнцыю» яму на выбарах будзе складаць толькі Гайдукевіч.

Мо ўсё ж байкот? «Нават у такіх несправядлівых умовах трэба выкарыстоўваць кожны шанец ісьці да людзей і тлумачыць ім згубнасьць ідэі пажыцьцёвага прэзыдэнцтва — а кандыдаты маюць для гэтага болей магчымасьцяў. У 1989 г. на выбарах было нешта падобнае, толькі тады адсеў ажыцьцяўлялі сходы працоўных калектываў. Нягледзячы на гэта, тады мы лічылі патрэбным змагацца й прарывацца», — прыгадвае Алесь Бяляцкі, вылучаны прадстаўляць Партыю БНФ пры Цэнтравыбаркаме. Усяго ад партыяў «Пяцёркі+» з 227 прэтэндэнтаў зарэгістравана 127.

Увогуле, паводле словаў сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка, у гэтай кампаніі сярэднерэспубліканскі конкурс на адно дэпутацкае месца складае 3,26 чалавека. Гэта амаль у два разы менш, чым на байкатаваных апазыцыяй выбарах 2000 г. (тады пасьля рэгістрацыі кандыдатаў камісіямі было 5,3 чалавека на месца). Напрошваецца яшчэ адна выснова: камісіі вядуць ненатуральны адбор кандыдатаў, каб выканаць пажаданьне прэзыдэнта аб правядзеньні выбараў у адзін тур.

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0