Ніякіх шанцаў на зьмену ўлады ў Беларусі ціхамірным шляхам Лукашэнка не пакідае.

Няма і не чакаецца дэмакратычных выбараў. Выйсьце застаецца адно — пазбыцца ілюзій.

«Я ня страціў нічога свайго, апроч ілюзіяў».

Генры Мілер

Палітыка — гэта мастацтва магчымага. Тая старая сэнтэнцыя ўнівэрсальная, бо ў кожных канкрэтных умовах яна набывае іншы сэнс. Датычна нашае краіны мераю мастацкае вартасьці палітыкі ёсьць тое, чаго беларусы ня чуюць у адкрыта прамоўленым. Напрадвесьні сваёй бурапеннай кар’еры Лукашэнка ўтварыў у Вярхоўным Савеце БССР фракцыю «Камуністы за дэмакратыю». І вось у адным зь першых інтэрвію (газэце «Навіны БНФ «Адраджэньне») ён улупіў: «Адыход ад камуністычных нормаў дыктуе само жыцьцё. Па шчырасьці, я ўпэўнены, што ў цэлым гэтая ідэалёгія беспэрспэктыўная». На дварэ тады было гарачае лета 1991-га. Ніхто не зьвярнуў увагі на відавочны цынізм маладога камуніста, які ня верыць у камунізм. Хоць ужо тады для яго і парлямэнт, і кампартыя былі толькі трамплінам. Прынагодна яму прыдавалася нават Дэклярацыя правоў чалавека. Вось што ён тады казаў: «А Вам, таварыш Ціхіня, нагадваю артыкул 19 Сусьветнае дэклярацыі правоў чалавека: кожны чалавек мае права на свабоду перакананьняў, на вольнае выказваньне іх; гэтае права ўключае права распаўсюджваць інфармацыю, ідэі любымі сродкамі й незалежна ад дзяржаўнае мяжы».

Больш пільнымі сталі калегі-дэпутаты й палітычныя апанэнты Лукашэнкі, калі пасьля рэфэрэндуму 1995 г. ён параіў сваім праціўнікам не шумець, а выпіць гарэлкі ды йсьці спаць. Тады ён выказаўся ў тым сэнсе, што ўсе павінны быць гатовы да таго, што ён прыйшоў на 12 гадоў. Вось ужо і тыя гады амаль мінулі! Багата людзей, сярод якіх пачаў высьпяваць ягоны фэномэн, ужо не пры справах: адных няма, а іншыя далёка. Тыя, хто яго ўспрымаў усур’ёз, і тыя, хто зь яго кпіў. У хуткаплыннай плыні найноўшае гісторыі хутка пазабылася, хто й што казаў і што не казаў. Спачатку Лукашэнку лавілі за хвост, ушчуваючы за правапарушэньні й хамскія паводзіны. Пасьля лапалі за язык, калекцыянуючы ягоныя абяцанкі-цацанкі, узаемавыключныя пасылы й анэкдатычныя ляпсусы. Урэшце, і гэтая гульня ўсім устыла. Ну ня бавіцца ж адным і тым самым дзясятак гадоў.

Беларусы падзяліліся напалам — тыя, хто безадмоўна верыць Лукашэнку, нават яго ня чуючы, а вычуваючы ягоную нянавісьць да ўсяго, чаго ён не разумее, ня ведае й ня мае як разьбірацца. Іншыя — ня вераць яму наагул, зыходзячы ўсё з тае самае (а ці бывае іншая?) нянавісьці. Гэта як варажба на рамонку: верыць — ня верыць. У абодвух выпадках усё, што ён кажа ці абяцае сёньня, не дадае да паўнаты карціны нічога новага. Абсалютна нічога. Бо Лукашэнка можа альбо сам забыцца на свае словы, альбо выдумаць для народу яшчэ штосьці.

Гары Куманецкі,

[email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0