23 верасьня адбылася сустрэча прэзыдэнта Лукашэнкі са студэнтамі ВНУ Берасьцейшчыны.

Мне давялося прысутнічаць на гэтай сустрэчы.

Натуральна, што тэлевэрсія падзеі ня ўтрымлівала многіх момантаў гэтай размовы. Як выказаўся сам Лукашэнка, яму было цікава сустрэцца з нашымі студэнтамі, бо на мінулых выбарах яго тут ня вельмі падтрымалі.

Уласна на самой «лекцыі» шмат гаварылася пра гістарычны ўсходнеславянскі выбар Беларусі, пра нашу культурную адчужанасьць ад захаду, «малыя» рэлігіі, такія, як каталіцтва і пратэстанцтва, нашы «посьпехі» ў эканоміцы, «развал рэальнага сэктару эканомікі» Літвы ды шматмільярдныя замежныя запазычанасьці Польшчы. Успаміналася і пра ЭГУ: маўляў, зачынены ён быў празь невыкананьне патрабаваньняў Міністэрства адукацыі.

Студэнты задавалі розныя пытаньні, многія зь якіх былі стандартныя, і на іх былі атрыманы гэткія ж стандартныя адказы. Было пытаньне пра стан беларускай мовы і стварэньне нацыянальнага ўнівэрсытэту, успамінаўся зачынены гуманітарны ліцэй. Гэтае пытаньне выклікала авацыю залі. Вось тут Лукашэнка выказаўся і пра тое, як у ліцэі «гробили детей», і пра тое, як добра ведае, «што за людзі Колас з Баршчэўскім», бо «сядзеў зь імі ў адным парлямэнце».

Былі жарты пра вэрталёт, размовы пра прыгожых дзяўчынак, пра спорт. У стылі ППРБ было вырашана пытаньне выплаты заробкаў удзельнікам будатрадаў. Былі і аплядысмэнты на яго адрас.

Маіх перакананьняў сустрэча не зьмяніла, проста яшчэ раз паказала, наколькі погляды нашай улады чужыя мне. Тое самае магу сказаць пра многіх маіх сяброў і знаёмых, якія глядзелі тэлетрансьляцыю на вялікім экране, усталяваным адмыслова да гэтай падзеі. Мала адной сустрэчы, каб пераламіць сытуацыю. Цяжка Лукашэнку тут будзе выйграць рэфэрэндум.

Андрусь, Берасьце

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0