Ці ёсьць апраўданьне тэрарызму? Ці ёсьць апраўданьне вайне? Ці ёсьць апраўданьне ўласнай глухаце? На гэтыя пытаньні з аднаго шэрагу можна адказаць і «так» і «не» ў залежнасьці ад канкрэтнай сытуацыі. Уласная глухата можа быць вынікам хваробы, а можа быць наўмыснай. Вайна можа быць акупацыйнай і вызвольнай. Тэрарызм — апраўданым, неапраўданым. Хто дасьць ацэнку канкрэтнай сытуацыі? Люд паспаліты — на падставе сваіх эмоцый і абмежаваных ведаў? Ці сусьветная супольнасьць, увасобленая ў кваліфікаваным міжнародным судзе, узброеным дасканалымі законамі? Я — не юрыст міжнароднага права, і я ня ведаю, наколькі дасканалыя ўсеагульныя законы. Але дакладна магу сьцьвярджаць — карані тэрарызму маюць пад сабой палітычную глебу. У першым выпадку ставяць дыягназ хваробы, зьвязанай зь існым сусьветным ці дзяржаўным ладам, у другім — хваробы, што мае дачыненьне да цноты, духоўнасьці грамадзтва. Хто ж адкажа за тое, што гіне невінаваты люд? І ці сапраўды ён такі невінаваты? Дзе той крытэр невінаватасьці? Так, люд ні ў чым невінаваты, калі ён ня мае права і магчымасьці нешта вырашаць у краіне. Тэрарызм — гэта пераважна выклік абыякавасьці грамадзтва да жыцьцёва важнай праблемы, якая чакае свайго вырашэньня. І як да грамадзкай зьявы мы ўсе маем да яго дачыненьне. Калі маюць месца рэлігійныя, нацыянальныя, грамадзка-палітычныя праблемы, іх разьвязаньне, адпаведна, трэба шукаць у адасабленьні дзяржавы ад рэлігіі, забесьпячэньні этнасу магчымасьці самавызначэньня, абароны ад асыміляцыі, дазволе грамадзянам аб’ядноўвацца ў партыі ды арганізацыі, каб уплываць на лёс сваёй краіны. Усялякі міжнародны перасьлед тэрарыстаў, сусьветная каардынацыя дзеяньняў па перакрыцьці іх фінансаваньня ды іншыя падобныя захады не вырашаюць пытаньня карэнным чынам, а адкладаюць яго на заўтра. Прасьцей змагацца зь ветракамі, чым мяняць сябе ды звыклы стан рэчаў. Прасьцей аказаць гуманітарную дапамогу ахвярам прыкрай зьявы, чымся лячыць уласную глухату. Прасьцей гуляць у цнатлівасьць, чым кіравацца ёю ў жыцьці.

Ігар Хаменка, gaspadar.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0