Рэдкае для Беларусі выданьне — у тым сэнсе, што музыкай айчынных джазмэнаў на іх радзіме мала хто цікавіцца, а таму запісаў гэтага жанру выдаецца мала. У нашым выпадку гаворка ідзе пра перавыданьне альбому групы салістаў Дзяржаўнага канцэртнага аркестру пад кіраўніцтвам Аляксандра Каліноўскага, які ўпершыню ўбачыў сьвет два гады таму на кампакт-касэце. Сёньня ж з шасьці музыкантаў, што ўдзельнічалі ў запісе альбому ў Германіі і Менску, на радзіме засталіся толькі трое. «DTS-band» ужо ў іншым складзе запісаў новы альбом. Што да гэтага, то аматары джазу могуць атрымаць задавальненьне і ад вартага ўвагі выкананьня, і ад самога музычнага матэрыялу, напісанага А.Каліноўскім. Гэта няпростая для ўспрыманьня на фоне «Фабрыкі зорак» музыка, якая, тым ня менш, цалкам адпавядае сучасным тэндэнцыям эўрапейскага аўтарскага джазу. Эх, каб не адно, другое, трэцяе… Ведалі б нашых джазмэнаў і ў Эўропе — і «DTS-band», і «Apple Tea», і «Рэнэсанс».
У найбліжэйшыя сем год разьлічваць на тое, мяркуючы з усяго, не выпадае…
Маркотны СЛУХАЧ