Міжнародны студэнцкі фэстываль «Тэатральны куфар-2004»

парушаў спакой грамадзянаў на вуліцах з 29 верасьня да 3 кастрычніка. Пачаўся фэст з урачыстае «цэрэмоніі» (паводле праграмкі, надрукаванае ў элітным БДУ). Да Ліцэю БДУ пад’ехаў «Трамвай жаданьняў». Адтуль выпаўзьлі акторы менскае ды ангельскае трупаў («Infield Barn Theatre» на наступны дзень, каб усьцешыць мясцовых абарыгенаў, прэзэнтуе «Пяць сноў гараднічага» паводле Гогалевага «Рэвізора»). Два падазроныя дзівакі пачалі мяцеліцца балёнчыкамі. Камусьці адтапталі нагу, храбуснулі чыесьці акуляры, хтосьці споўз у гістэрыцы. Гледачы ў гэты час цішком храбусьцелі атрыманымі на дурніцу марожаным «Гоша» ды хрусьцікамі «Патэла». Хрусьцікі ё, дах ня едзе, хай сабе валхвяцы Таліі калашмацяцца…

Першую п’есу на індаэўрапейскім эспэранта (ангельская, нямецкая ды расейская салянка) — «Але, калі ласка, са шлягерам» — прэзэнтавалі тэатралы з швайцарскага «Die stralenden Herzen» («Бліскучыя сэрцы»). Камэдыя са скокамі, сьпевамі ды экспэрымэнтамі сьцьвярджала, што сучаснай паненцы трэба шакаляд і мужчына (шкала каштоўнасьцяў зацьверджаная фэміністкамі). Меркавалася, што менавіта яны затарабаняць на радзіму прыз фэстывалю — таемны куфар (беларусы, пэўна, згадалі казку пра цікаўнага бусла, што сунуў дзюбу ў божы мех з гадаўём, ці гэткую ж вясёлую гісторыю пра скрыначку, наладаваную гексагенам, ды вырашылі абавязкова сплавіць падазроны прадмет з гістарычнае радзімы).

Болачка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0