З Расеі прыйшла сумная вестка — у ноч на 5 кастрычніка памёр, не дажыўшы паўтара месяца да 80-гадовага юбілею, знаны археоляг, акадэмік Расейскай акадэміі навук Валянцін Васілевіч Сядоў.

Усе, хто цікавяцца старажытнай гісторыяй нашага народу, ведаюць В.Сядова як аўтара тэорыі пра вызначальную ролю балцкага субстрату ў этнагенэзе беларусаў. Згодна з гэтай тэорыяй, усе тыя асаблівасьці антрапалягічнага тыпу, этнічнай культуры і мовы беларусаў, якія адрозьніваюць іх ад іншых славянскіх народаў, склаліся ў выніку асыміляцыі балцкіх плямёнаў, якія пражывалі на тэрыторыі нашай краіны да зьяўленьня тут славян. Менавіта за гэтую тэорыю калісьці сумна вядомы Лаўрэн Абэцэдарскі ў сваіх лекцыях у БДУ згадваў В.Сядова разам з «буржуазна-нацыяналістычнымі фальсыфікатарамі гісторыі Беларусі».

Тагачасных праціўнікаў Сядова шакавалі як яго спасылкі на публікацыі Янкі Станкевіча ды іншых забароненых у БССР навукоўцаў, так і тое, што маскоўскі дасьледчык разглядаў этнагенэз беларускай народнасьці фактычна ў этнічных межах паводле Яўхіма Карскага. Рушылася афіцыйная канцэпцыя, згодна зь якой асноўныя асаблівасьці беларусаў склаліся не ў племянны яшчэ пэрыяд, а значна пазьней, калі нашы продкі былі «адарваныя ад усходніх братоў і знаходзіліся пад прыгнётам польска-літоўскіх фэадалаў».

Зь ягонай сьмерцю археалягічная навука сапраўды страціла вельмі шмат.

Эдвард Зайкоўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0