Нобэлеўскую прэмію ў галіне фізіялёгіі і мэдыцыны прысудзілі амэрыканцам Рычарду Аксэлу і Ліндзе Бак за дасьледаваньні рэцэптараў паху і арганізацыі нюхальнай сыстэмы.

Амэрыканскія дасьледнікі адкрылі і апісалі каля тысячы генаў, якія абумоўліваюць наяўнасьць каля тысячы тыпаў нюхальных рэцэптараў.

Рэцэптар паху ўяўляе сабой ланцуг амінакіслот, які прымацаваны да клетачнай мэмбраны і перасякае яе сем разоў, утвараючы пэўнага кшталту кішэнь, да якой можа «прыстыкавацца» малекула адаранту, зьмяняючы форму рэцэптара. Пасьля гэтага мозг атрымлівае электрычны сыгнал ад клеткі-рэцэптара. Бальшыня пахаў складаецца зь вялікай колькасьці розных малекул-адарантаў, нібы слова зь літар. Калі мы чуем нейкі пах, гэтыя малекулы актывізуюць кожная «свой» тып рэцэптараў, мозг атрымлівае камбінацыю сыгналаў, якая распазнаецца як менавіта гэты пах. Чалавек можа распазнаваць і запамінаць каля 10 тысяч пахаў.

Асымптатычная свабода

Нобэлеўскую прэмію ў галіне фізыкі атрымалі амэрыканцы Дэвід Грос, Дэвід Політцэр і Фрэнк Вілчэк. Дзякуючы іхным дасьледаваньням была завершана так званая стандартная мадэль фізыкі часьцінак — мадэль, якая апісвае найменшыя вядомыя ў прыродзе аб’екты і ўзаемадзеяньне паміж імі. Сёлетнія ляўрэаты апісалі так званае моцнае, або каляровае, узаемадзеяньне — сілу, якая дзейнічае паміж кваркамі — часьцінкамі, зь якіх складаюцца пратоны, нэйтроны і ядры. Раней лічылася, што кварк ня можа выступаць у якасьці свабоднай часьцінкі, што магчымыя толькі камбінацыі з трох зьвязаных кваркаў. Грос, Політцэр і Вілчэк матэматычна давялі, што моцнае ўзаемадзеяньне паміж кваркамі павялічваецца пры аддаленьні кваркаў адзін ад аднаго і наадварот. Гэта значыць, што пры набліжэньні адзін да аднаго кваркі могуць паводзіць сябе як свабодныя часьцінкі. Гэтая зьява атрымала назву «асымптатычнай свабоды».

«Пацалунак сьмерці»

Нобэлеўскую прэмію ў галіне хіміі атрымалі ізраільцы Аарон Ціхановэр, Аўрам Гершка і амэрыканец Ірвін Роўз. Яны адкрылі мэханізм зьнішчэньня ў клетцы непажаданых бялкоў. Бялкі, якія не праходзяць унутрыклетачны «кантроль якасьці», пазначаюцца адмысловым поліпэптыдам — убіквітынам. Гэты «пацалунак сьмерці» служыць у якасьці пропуску ў пратэасому — прыладу для ўтылізацыі сьмецьця ўнутры клеткі, дзе бялкі разбураюцца.

Гэтае адкрыцьцё дазволіла зразумець, якім чынам кантралюецца шэраг вельмі важных біяхімічных працэсаў. Дасьледаваньні сёлетніх ляўрэатаў працягваюцца ў многіх лябараторыях ва ўсім сьвеце. Ужо вядома, што мэханізм зьнішчэньня бялкоў з дапамогай убіквітыну мае вялікае значэньне для работы імуннай сыстэмы чалавека, дзяленьня клеткі, узнаўленьня ДНК; увесь час адкрываюцца новыя яго функцыі.

Лекі, якія могуць быць створаны на аснове гэтага мэханізму, дазволяць кіраваць унутрыклетачнымі працэсамі — спыняць разбурэньне пэўных бялкоў альбо, наадварот, стымуляваць разбурэньне бялкоў, якія выклікаюць пэўныя хваробы. Ужо праходзіць клінічныя тэсты інгібітар пратэасомы Velcade (PS341), які выкарыстоўваюць супраць множнай міелёмы — ракавага захворваньня, якое пашкоджвае клеткі — вытворцы антыгенаў.

Зялёны пояс Кеніі

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Алесь Пяткевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0