Выступаючы на АНТ, Урал Латыпаў выказаў думку, што «чытачы «Нашай Нівы» прагаласуюць за Лукашэнку, бо толькі Лукашэнка можа адстаяць дзяржаву». Я ўпэўнены ў адваротным. Яны выкажуцца нават ня супраць асобы Лукашэнкі, а супраць сыстэмы, якая ствараецца пры зьняцьці канстытуцыйных абмежаваньняў. Нічога ня вартая тая сыстэма, што трымаецца на адным чалавеку. Гарантыя незалежнасьці — воля грамадзтва, а не аднаго чалавека. У рэдакцыйнай пошце за два апошнія месяцы не было ніводнага ліста «за», толькі «супраць».
Аргумэнты, чаму людзі выбіраюць галасаваньне «супраць» або байкот, — у падсумаваньні чытацкае пошты.
Высакамерна разьлічваючы на адміністрацыйны рэсурс, Урал Латыпаў кінуў нацыянальнаму руху перад рэфэрэндумам нават ня костачку, а абяцанку на вецер. Раней трэ было дбаць, панове!
Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта не свабодныя выбары і не дэмакратыя. Але і такі фарс правярае грамадзтва на сьпеласьць. Тое грамадзтва, якое галасуе ці байкатуе выбары, і тое, якое лічыць halasy. Любая фальсыфікацыя стане вядомай.
Улады разьлічваюць, што нацыянал-дэмакраты не прагаласуюць за камуністаў, а камуністы — за нацыянал-дэмакратаў. Што атрымаюцца такія вынікі, каб людзі зьняверыліся ў апазыцыі, каб зьніклі апазыцыйныя структуры. Лукашэнкаўцы чакаюць гэтага нават болей за самога прэзыдэнта. Тады б ім удалося хутчэй і бяз рызыкі замяніць Лукашэнку, гады якога зьлічаны, на выгадную ім новую фігуру, пры якой яны захавалі і ўзмацнілі б кантроль над эканомікай.
Я аддам свой голас кандыдату-камуністу ня толькі таму, што ён у мяне ў акрузе адзін супрацьстаіць «беспартыйнаму».
Выбарчая і рэфэрэндумная кампанія не прайшлі без карысьці для нацыянальнага руху. Ён адкрыў магчымасьць супрацы нацыянал-дэмакратаў з сацыялістамі і новымі камуністамі ў рамках «Пяцёркі+» і наблізіўся да пераасэнсаваньня сваіх маральных і сацыяльных ідэалаў.
Сацыялістычны асяродак спарадзіў нацыянальнае адраджэньне пачатку ХХ ст., першую «Нашу Ніву» і дзяржаўнасьць 1918—1919 г. Пасьля левая ідэя зьнішчыла сябе ў савецкі час, устаўшы на службу шавіністычнай ідэі Вялікай Расеі і яе гегемоніі. Беларусі патрэбныя новыя левыя, угрунтаваныя на ідэалах сацыяльнай справядлівасьці, роўных шанцаў, права і творчага нацыянальнага будаўніцтва.
Ператварэньне цяперашніх сацыялістаў і камуністаў у новую левую сілу, ужо ня постімпэрскую, а скіраваную ў будучыню, адкрывае перад нацыянальным рухам новую праграму і пэрспэктыву.
Андрэй Дынько