Ліст члена выбарчай камісіі пра тое, як гэта было
Паважаная рэдакцыя «НН»!
Пішу, каб падзяліцца з Вамі сваім досьведам апошніх дзён. Маючы няшчасьце працаваць настаўніцай у цяперашняй сыстэме адукацыі, вымушана была, як і тысячы маіх калег па ўсёй краіне, браць непасрэдны ўдзел у выбарчай камісіі. Ня буду называць якой.
Не зважаючы на ўсе мае спробы ўхіліцца ад гэтага пачэснага абавязку, старшыня камісіі (дырэктарка нашай школы) усё ж пакінула мяне ў яе складзе. Хутчэй за ўсё, разьлічвала на маю талерантнасьць, маладосьць і адвечны страх перад начальствам.
Прыгоды пачаліся ў маё першае дзяжурства на датэрміновым галасаваньні 12 кастрычніка. На працягу трох гадзін прыйшло 20 чалавек. Задаволеных сваім зьяўленьнем тут было няшмат. Людзі наракалі на прымус з боку начальства. У 18.30 старшыня камісіі (дырэктарка) прынесла стос сьвежых бюлетэняў на рэфэрэндум і загадала як мага хутчэй падпісаць іх з адваротнага боку. За паўгадзіны агульнымі намаганьнямі мы падпісалі каля 500 асобнікаў.
Ужо ў нядзелю, непасрэдна на выбарах, я адмыслова назірала за тымі бюлетэнямі, якія прыносіліся. На іх маіх подпісаў не было. Мне стала зразумела, што ўжо тады яны былі падрыхтаваныя як належыць: «за Беларусь».
За некалькі хвілін да адкрыцьця выбарчага ўчастку нам прынесьлі лісты паперы, на якіх былі пазначаны некаторыя дамы і парадкавыя нумары пэўных асоб, і загадалі паведамляць старшыні камісіі, ці яны прагаласавалі.
У сьпісах, па якіх я выдавала бюлетэні, значыўся інтэрнат. Ужо каля 11-й завітала камэндант з патрабаваньнем паведаміць ёй колькасьць тых, хто прыняў удзел у выбарах. Я адмовілася гэта зрабіць, чым выклікала нездаволенасьць, і накіравала яе да старшыні камісіі. Тая ёй не адмовіла і на працягу цэлага дня паведамляла неабходныя зьвесткі.
Увогуле галасавалі хто хацеў, як хацеў, па чым хацеў і нават за іншых сваякоў. Шмат асоб увогуле не былі ўнесены ў сьпісы, хоць яны адзначалі, што іх прозьвішчы былі зьвераны загадзя.
Аднак самае цікавае пачалося пасьля закрыцьця выбарчага ўчастку. Нам было загадана разьмеркаваць бюлетэні на рэфэрэндум і на выбары. Бюлетэні на рэфэрэндум адразу забрала старшыня і не дазволіла нам да іх нават наблізіцца.
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
P.S. Ня ведаю, як падпісацца, хай будзе проста «настаўніца, малады спэцыяліст»