Часопіс «Arche» выціскаюць зь дзяржаўнай сеткі распаўсюду.
Цягам некалькіх дзён нумар, прымеркаваны да 10-годзьдзя Лукашэнкавага кіраваньня (№4 за 2004 г.), адна за адной адмовіліся прадаваць менскія кнігарні — «Веды», «Кнігарня пісьменьніка», «Падпісныя выданьні». Разам з «лукашэнкаўскім» нумарам адміністрацыі кнігарняў запатрабавалі забраць і папярэднія выпускі часопісу. На пачатку гэтага тыдня ад распаўсюду нумару адмовілася аб’яднаньне «Белкніга».
2 кастрычніка нумар быў сканфіскаваны на беларуска-польскай мяжы ў Зьмітра М. У цягніку «Менск—Варшава» ў Берасьці пры надглядзе асабістых рэчаў памежнікі зацікавіліся, навошта хлопец вывозіць часопіс за мяжу. Адказ «Пачытаць у дарозе» іх не задаволіў. «Чытаць трэба творы Маркса і Энгельса», — патлумачылі памежнікі й без тлумачэньняў сканфіскавалі нумар, напісаўшы ў пратаколе, што часопіс нельга вывозіць за межы краіны.
АШ