У швайцарскім Ньёне адбылося лёсаваньне кваліфікацыйных раўндаў эўрапейскіх футбольных клюбных турніраў — Лігі чэмпіёнаў і Кубку ЎЭФА. Беларусь у Лізе чэмпіёнаў прадставіць барысаўскі БАТЭ, а Кубку ЎЭФА — менскія і берасьцейскія «дынамаўцы».

Спачатку вызначыліся пары першага кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў. Супернікам барысаўцаў стаў кіпрскі «Апаэль». Матчы адбудуцца 17‑18 і 24‑25 ліпеня. Першы матч БАТЭ правядзе ў гасьцях.

Два гады таму менскаму «Дынама» ў Лізе чэмпіёнаў ужо трапляўся клюб з выспы Афрадыты. Па суме двух матчаў «Анартосіс» тады аказаўся мацней. А яшчэ ў 1999 г. «Амонія» разграміла бабруйскую «Белшыну» 1:5, 0:3.

Калі БАТЭ адолее бар’ер у выглядзе «Апаэля», то ў наступным раўндзе сустрэнецца зь пераможцам пары «Хафнарф’ёрдур» (Ісьляндыя) «ХБ Торсхавн» (Фарэры). Зь лёсаваньнем БАТЭ пашанцавала, але лёгкіх супернікаў для нашых каманд на эўраарэне даўно ўжо няма.

Лёсаваньне Кубку УЭФА было досыць паказальным для нашай краіны. Упершыню Беларусь уключылі ў паўночны рэгіён. Папярэднія гады нас адносілі да ўсходнеэўрапейскага рэгіёну.

Праўда, «дынамаўцы» не паляцяць у Швэцыю ці Данію. У супернікі ім трапіліся каманды з суседняй Латвіі. Берасьцейцам ліепайскі «Мэталюрг», а менчукам рыскі «Сконта». Матчы першага кваліфікацыйнага раўнду Кубку ЎЭФА пройдуць 19 ліпеня і 2 жніўня. Беларусы першыя матчы будуць праводзіць на выезьдзе.

Апошняе супрацьстаяньне беларускіх і латвійскіх клюбаў на эўраарэне было зафіксавана 1998 годам. Тады менскае «Дынама» ў кваліфікацыі да Лігі чэмпіёнаў прайграла ўсё таму ж «Сконта» 0:0 і 1:2.

Сёлета ж будзе рэальная магчымасьць параўнаць беларускі і латвійскі чэмпіянаты.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0