На мітынг «Сваю будучыню мы выбіраем сёньня», зладжаны апазыцыяй у Гомелі 10 кастрычніка, сабралася няшмат народу: актывісты, студэнты і пэнсіянэры.

Слухалі выступы, пазяхалі, выкрыквалі: «Гучней!», «Нічога не чуваць». Выступоўцы прамаўлялі млява, без імпэту. Трохі ажывіліся, калі мэгафон у свае рукі ўзяў нейкі мужчына (на жаль, ня ведаю прозьвішча — хтосьці з БНФ ці ПКБ). Але ён і казаў гучней за астатніх, і без паперкі, і «па дзелу». Шмат яскравых «бэтэшных» прыкладаў «на злобу дня». Людзі ажывіліся, нават запляскалі, засьмяяліся. Але потым усё зноў сьціхла і павісла ў нейкім чаканьні.

Ва ўлётках з запрашэньнем наведаць імпрэзу было, паміж усяго астатняга, паведамленьне, што будуць раздаваць кніжкі П.Шарамета (суаўтарка не была пазначана) «Выпадковы прэзыдэнт». Пра мастацкія каштоўнасьці канкрэтнага твору я сказаў бы шмат, ды навошта. Кніжка, дзе азначэньне «Беларусь» сустракаецца надзвычай рэдка, часьцей як цытата, а так скрозь ідзе «Белоруссия», і пры чытаньні якой міжволі ўзьнікае думка, якія добрыя ў нас суседзі на ўсходзе — ёсьць на каго паспадзявацца. Бачылі мы гэтыя спадзяваньні — дэпутаты Дзярждумы на выбарчых участках зь іхнымі «Ў мяне заўваг няма». Не цікава мне ведаць, які кепскі чалавек Лукашэнка ў асабістым жыцьці. А перачытваць тое, што вядома пра яго з расейскіх мэдыяў і перапісанае ў айчынным друку за ўвесь час яго панаваньня — навошта? Каб падсумаваць? Хацелася б забыць хутчэй. Але цікавасьць да кніжачкі адчувалася і дагэтуль адчуваецца. Просяць дастаць, каб пачытаць, спадзяюцца даведацца нешта новае. Прычым, што дзіўна, цікавасьць існуе і з боку праціўнікаў, і з боку сяго-таго з прыхільнікаў прэзыдэнта. Дзіўныя для мяне і першыя, і другія. Навошта гэта першым, калі ты і так усё ведаеш, і другім, калі за яго галасуеш ды лаешся, як толькі хто пачне з крытыкай мяшацца. Тое самае было і на плошчы. Актывісты з тых, хто падтрымлівае, але ад актыўнага ўдзелу ўстрымліваецца, і перакананыя прыхільнікі рэжыму — усе аднолькава, зь нецярплівасьцю чакалі, калі нарэшце пачнецца раздача. А раздачы не было. Яно і зразумела. Сярод іншых на плошчы сабралася нейкая колькасьць акуратна апранутых маладых мужчын. Стаяць па аднаму, па два, маўчаць, пазіраюць. За перадвыбарную кампанію кожны, хто хацеў, ужо атрымаў добрую порцыю зносінаў на афіцыйным узроўні. Стаміліся. Па-чалавечы можна зразумець хлопцаў і дзяўчат, у якіх пачалося навучаньне, а хутка сэсія. Тым ня менш, абяцалі. І патроху пачалі зьяўляцца на руках першыя экзэмпляры з матрошкай на вокладцы. Але ішло ўсё марудна, і нездаволенасьць нарастала. Таму вырашылі ўсё ж паскорыць справу. І тут пачалося. Наведвальнікі мерапрыемства адразу забыліся на выступоўцаў, і ўвесь невялікі натоўп рынуўся на салодкае. Скончылася. Даюць у другім месцы. Усе туды. Назіраць за гэтым было страшна. Спадары міліцыянты, што сабраліся ўбаку, пачалі сьмяяцца. Алесь Карніенка, зьнясілены перадвыбарнай кампаніяй, толькі і здолеў прамовіць: «Капец». Усё абышлося без хапуноў, але як жа ж было прыкра.

Нельга выкарыстоўваць брудныя і сумнеўныя мэтады. Ці не павінны мы ствараць новых грамадзян новае краіны? Тое, што мы піхаем у галовы людзям, там і застаецца. Бруд і нэгатыў. Тое, што яны маюць магчымасьць бачыць штодзень па ТВ. Мабыць, лепш будзе, калі мы ад гэткіх будзем адрозьнівацца ня толькі пазыцыямі па нейкіх пытаньнях, але і мэтадамі дасягненьня мэтаў.

Андрэй Ананьеў, Гомель

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0