Жменька дыялектных словаў, не зафіксаваных у беларускіх слоўніках

Дарагія «нашаніўцы»! («Нашы Ні́ўляне», сказалі б у нас, па аналёгіі з тым, як называюць жыхароў маёй роднае вёскі Нівы — ні́ўляне, як лісіча́не (в.Лісічыцы), пясча́не (в.Пескі), але — хрышакі́ (в.Хрыса), беразьлюкі́ (г.Бяроза), але — маняўцы́ (в.Манявічы), ярцаўцы́ (в.Ярцавічы) і г.д.

Ваша прапанова даслаць жменьку дыялектных словаў, не зафіксаваных у беларускіх слоўніках, падалася цікавай. Адгукаюся, дасылаю тое, што адразу, безвысільна ўзгадалася. Падаю ў алфавітным парадку і ў нарматыўна адаптаваным выглядзе, бо ў нашай мясцовасьці маўленьне даволі адметнае. Да прыкладу, ня конь, а кунь, ня кот, а кут.

Беляхце́ць — мільгацець, прасьвечвацца, пералівацца: «Нацягнула ажурную кофту на голае цела, а яна аж беляхціць уся, дзірок процьма, ды вялікія, аж беляхціць».

Во́шалап, о́шалап (пагардл.) — тупы, някемны, няўвішны чалавек: «От, вошалап, ня мог дадумацца, як галіну падвязаць».

Гільгіта́ць — казытаць: «Ой, толькі не гільгіч мяне, бо я аж слабну ад сьмеху». «Глянь, што там у мяне на шыі, нешта гільгіча».

Дахна́ — зваротак, сярэдняе між дачкой і дачушкай, дочухна: «Схадзі, дахна, у склеп, набяры буракоў».

Жыткі́ — наготкі, календула: «А я ніякіх кветак у гародчыку больш ня сею, адны жыткі, гэтак я іх люблю».

Заразо́м — за адным разам, увадначас, адначасна: «Пойдзем па хлеб, то заразом і алею купі, бо выйшла (няма, скарысталі)».

Заранё́ў — вельмі рана; загодзь: «Нешта ты сягонь заранёў зьявіўся, і пасьнедаць яшчэ ня ўсьпеў». «Я заранёў дам яму грошы, каб ня думаў, што задарма рабіцьме».

Зго́палу — зьнянацку, раптоўна, нечакана: «Індык як наляціць ззаду на плечы, дык я згопалу ледзь ня ўмлела».

Змаява́ць, як май змаява́ць — зьнікаць, зьнікнуць бясьсьледна, прапасьці: «Думала, знайду яго, гада, то ўжо дастане на ўсю катушку за сваю пакасьць, а яго як май змаяваў, анідзе».

Зумы́сна — спэцыяльна, назнарок: «Ён зумысна прыехаў, каб пагаварыць са мною». «Ты што гэта, зумысна падстроіў, каб я на цягнік ня ўсьпела?»

Зяле́пуха — насьпелая садавіна; малое, падлетак, звычайна дзяўчынка: «Ня рвіце яблыкаў, яны ж яшчэ зусім зялепухі, жываты балецьмуць». «Зараз тым, каму пад васямнаццаць, на тых танцах і рабіць няма чаго, там адна зялепуха богведзь што вычварае».

Кацяры́нка, кацяры́нкі — астры: «Сяголецьця ўсю маю кацярынку сьлімакі панішчылі, усё лісьце пааб’ядалі, адны ражэнчыкі тырчаць. Другіх кветак не чапілі, а кацярынкі аніводненькай не мінулі».

Куза́ка, куза́кі — насякомае, -ыя, кузуркі: «Глянь, што гэта за кузака па лістку паўзе?»

Кяле́цаць, скяле́цаць — зрабіць нешта абы-як, сяк-так, неахайна, непрыгожа: «Ну й варэнікаў ты накялецала! І два разы не ўкусіць, і за раз у рот ня ўціснуць».

Нагаба́ць — напаткаць, знайсьці: «Пайшла на базар, ды толькі бяду сабе нагабала: гэта ж усе мае грошы з сумкі выразалі…»

Нататэ́е — назло, наўмысна, знарок: «Ты мне хіба нататэе робіш, каб я зьліўся, спакою ня меў».

Нацякну́ць — намякнуць: «Ты б хоць нацякнуў мне, каб я не казала ім пра гэта».

На цы́рлах хадзіць — моцна дагаджаць, на дыбачках, на пальчыках хадзіць: «Як нагаравалася за першым, дык цяпер на цырлах ходзіць перад новым мужыком, ды яшчэ і нашмат маладзейшым за яе».

Перапарэ́ць — быць па часе, запазьніцца, быць запозьненым: «Перапарэла мне ўжо пра замуж думаць, мае равесьніцы ўжо ўнукаў калышуць».

Пля́га — бяда, хвароба: «А то ж і плягі на цябе няма ніякай, алкаш няшчасны!»

Прага́піць — прамаргаць, упусьціць шанец: «Трэба было яшчэ ўчора тое сянко згрэбсьці, а я прагапіў, а цяпер вось чакай, пакуль зноў прасохне. Гэткая лева ўляпіла, вады па калена!»

Прызяле́ньваць, прызеляні́ць — прычароўваць, прычараваць: «Ты хіба прызеляніла свайго ненагляднага, і на крок цябе ад сябе не адпускае, вачэй ня зводзіць!»

Прысто́йкацца, прысто́йквацца — прыпыніцца, спыняцца, запыняцца: «Думала, прыстойкаюся на хвілінку, а бач, ужо цэлую яму тут з табою выстаяла, так доўга балакаем».

Рыза́нка, рыза́чка — рэзі ў жываце, колікі: «Мабыць, зьеў нешта ня тое на тым вясельлі, як зарэзала ў жываце, то хоць было на сьцены лезь, такая рызанка схапіла». «Гэта ж залез нехта ў склеп і ўсю маю закатку забраў, каб яго рызачка ўзяла».

Сьсякну́ць — рэзкім рухам зрушыць шыйныя пазванкі, траўмаваць: «Ты ж глядзі, не сьсякні мне дзіця, галоўку рукою падтрымвай!»

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Ніна Мацяш, Белаазерск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0