Зварот прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі

Прэзыдэнту Рэспублікі Польшчы

Маршалку Сойму Польшчы

Міністру замежных спраў Польшчы

У амбасаду Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь

Захавайце «Ніву»

Зварот прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі

Падзеі апошняга часу на Беласточчыне ўсхвалявалі беларускую грамадзкасьць. Пасьля ўваходжаньня Польшчы ў Эўразьвяз здавалася, што разьвіцьцё нацыянальных меншасьцяў у краіне стане адным з прыярытэтных кірункаў унутранай палітыкі дзяржавы. Важным кірункам такой падтрымкі ёсьць спрыяньне беларускім дэмакратычным колам у Польшчы. Такой плыньню на Беласточчыне ўжо шмат гадоў зьяўляецца асяродак, які склаўся вакол штотыднёвіка «Ніва». Гэтая газэта — праваднік эўрапейскай дэмакратыі ня толькі сярод беларусаў Польшчы, яе існаваньне — гэта значная маральная падтрымка беларусам мэтраполіі, дзе сёньня ўсялякімі спосабамі нішчыцца незалежны дэмакратычны друк.

Замест гэтага на Беласточчыне знайшліся сілы, якія распачалі дзеяньні дыскрымінацыйнага характару ў дачыненьні да беларускай меншасьці ў Польшчы. Па сутнасьці, ідзе зьнішчэньне штотыднёвіка «Ніва» і праз гэта — праяў нацыянальнага самавыяўленьня беларусаў у Польшчы. Тое, што такія дзеяньні супалі з момантам абвастрэньня перасьледу дэмакратычных сілаў у Беларусі і маючымі адбыцца выбарамі ў Польшчы, прыводзіць да думкі, што адбываецца выкананьне палітычнага заказу. Зыходзячы з гэтага, заклікаем грамадзкасьць Польшчы і вярхоўныя ўлады краіны зьвярнуць увагу на сытуацыю, якая склалася вакол тыднёвіка «Ніва». Мы перакананыя, што ў палітычных колах польскай дзяржавы дастаткова шмат здаровых сілаў, якія разумеюць недапушчальнасьць такой дыскрымінацыі і перасьледу людзей паводле нацыянальнай прыналежнасьці. Спадзяёмся, што здаровы сэнс возьме верх і беларуская меншасьць у Польшчы будзе мець права на сваё нацыянальнае выяўленьне.

Зварот падпісалі наступныя асобы:

Лявон Баршчэўскі, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру, Адам Глёбус, пісьменьнік, Уладзімер Арлоў, пісьменьнік, Уладзімер Хільмановіч, Фонд імя Сапегі, Пётра Садоўскі, пасол Беларусі ў Нямеччыне (1992—1994), Сяргей Антусевіч, дэпутат Гарадзенскага гарсавету, Валеры Булгакаў, рэдактар часопісу «ARCHE», Андрэй Казакевіч, палітоляг, Анатоль Сідарэвіч, гісторык, Андрэй Дынько, рэдактар «Нашай Нівы», Юры Станкевіч, пісьменьнік, Усевалад Рагойша, дацэнт БДУ, Юры Пацюпа, паэт, Дзьмітры Бугаёў, прафэсар БДУ, Уладзімір Сіўчыкаў, выдавец, Зьміцер Бартосік, бард, Андрэй Скурко, намесьнік рэдактара «НН», Сяргей Сматрычэнка, першы намесьнік старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру, Мікола Маркевіч, рэдактар зачыненай «Пагоні», Алесь Бяляцкі, кіраўнік зачыненага праваабарончага цэнтру «Вясна», Валянцін Стэфановіч, праваабаронца, Віктар Сазонаў, журналіст, Алесь Астроўскі, прафэсар Гарадзенскага ўнівэрсытэту, Тадэвуш Гавін, дзяяч Саюзу палякаў Беларусі, Валянцін Тарас, літаратар, перакладчык, Пятро Васючэнка, загадчык катэдры беларусістыкі МДЛУ, Арцём Лява, Зьміцер Дзядзенка, Наста Бакшанская, Ірына Дарафейчук, Сяргей Лескець, Вераніка Дзядок і яшчэ каля ста чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0