Дзень добры, смутак

(Урывак з раману)

Ранішняе абуджэньне было пакутным, напэўна таму, што напярэдадні я перапіла віскі. Я прачнулася, лежачы ўпоперак ложка, упоцемку, зь непрыемным прысмакам у роце, уся агідна потная. Праз шчыліны ў аканіцах тачыўся сонечны прамень, у ім густой палоскай узьнімаліся пылінкі. Не хацелася ні ўставаць, ні заставацца ў пасьцелі. Зьнячэўку мне падумалася, як запачуваюць сябе бацька і Ан, калі Эльза вернецца сёньня раніцай. Я намагалася думаць пра іх, а заразом спрабавала ўстаць, але марна. Нарэшце я перасіліла сябе — і, панурая, няшчасная, апынулася на халодных плітках падлогі. Люстэрка выяўляла мой панылы адбітак, я ўважліва ўглядалася ў яго: зрэнкі расшыраныя, рот апухлы, гэты чужы твар — мой… Няўжо я магу адчуваць сябе слабай, вартай жалю толькі праз гэтыя вось вусны, адыначаныя рысы толькі таму, што я адвольна ўшчэмлена ў гэтыя агідныя рамкі? Але калі я насамрэч ушчэмленая ў гэтыя рамкі, чаму мяне мусова ў тым пераконваць такім бязьлітасным і гнятлівым для мяне чынам? Я адчувала насалоду, што пагарджаю сабой, ненавіджу свой злы твар, прымарнелы і скомшаны пасьля разгуляю. Я стала глуха паўтараць слова «разгуляй», гледзячы сабе ў вочы, і раптам заўважыла, што ўсьміхаюся. Ну й праўда, вось дык разгуляй: некалькі няшчасных чарак, аплявуха і сьлёзы. Я пачысьціла зубы і сышла ўніз.

Бацька і Ан ужо сядзелі поруч на тэрасе, перад імі стаяла таца зь лёгкім сьняданкам. Я безуважна паздароўкалася, села насупроць. Ад сарамяжлівасьці я не адважвалася на іх глядзець, аднак іхняе маўчаньне змусіла мяне ўзьняць вочы. Твар Ан зьлёгку асунуўся — гэта быў адзіны сьлед ночы любові. Абое шчасьліва ўсьміхаліся. Гэта зрабіла на мяне ўражаньне: шчасьце заўсёды было ў маіх вачах зарукай рацыі і ўдачы.

— Добра спала? — спытаўся бацька.

— Так сабе, — адказала я. — Я ўчора перапіла віскі.

Я наліла сабе кавы, з асалодай адглынула, але зразу ж адставіла кубачак. Было нешта асаблівае ў іхнім маўчаньні, нейкае вычэкваньне, ад якога мне стала ніякавата. Я была занадта стомленая, каб доўга трываць яго.

— Што адбываецца? У вас абаіх гэткі загадкавы выгляд.

Бацька ўдавана спакойным рухам запаліў цыгарэту. Ан паглядзела на мяне зь неспадзяваным замяшаньнем.

— Я хацела б аб нечым папрасіць вас, — нарэшце сказала яна. Я прыгатавалася да найгоршага.

— Зноў нешта перадаць Эльзе?

Яна адвярнулася, яшчэ раз паглядзела на бацьку:

— Ваш бацька і я… мы хацелі б пабрацца, — сказала яна.

Я пільна паглядзела на яе, потым на бацьку. Я чакала ад яго хоць якога знаку, позірку, які абурыў бы, але заразом і супакоіў бы мяне. Ён разглядваў свае рукі. «Быць таго ня можа», — падумала я, але ўжо ведала, што гэта праўда.

— Вельмі добрая думка, — сказала я, каб выйграць час.

Я не магла ацяміцца: бацька, які заўсёды быў гэткім упартым праціўнікам шлюбу, усякіх ланцугоў, за адну ноч рашыўся… Гэта пераварочвала ўсё наша жыцьцё. Мы збаўляліся сваёй незалежнасьці. Я раптам уявіла сабе наша жыцьцё ўтраіх, жыцьцё, неспадзявана ўпарадкаванае розумам, вытанчанасьцю Ан, тое жыцьцё, якое на зайздрасьць мне, вяла яна сама. Інтэлігенцыя, тактоўныя сябры, шчасьлівыя спакойныя вечары… Я раптам адчула пагарду да тлумных застоліцаў, паўднёваамэрыканцаў ды ўсякіх эльзаў. Пачуцьцё перавагі і гонару нахлынула на мяне.

— Вельмі, вельмі добрая думка, — паўтарыла я і ўсьміхнулася ім.

— Я ведаў, што ты ўзрадуешся, кацянятка, — сказаў бацька.

Ён расслабіўся, разьвесяліўся. Мякка адценены любоўнаю стомаю твар Ан быў гэткім адкрытым, гэткім пяшчотным, якім я яго ніколі ня бачыла.

— Хадзі сюды, кацянятка, — сказаў бацька.

Ён працягнуў мне абедзьве рукі, прыхінуў мяне да сябе, да яе. Я прыкленчыла перад імі, яны з усхваляваным замілаваньнем глядзелі на мяне, гладзілі мяне па галаве. А я — я не магла збавіцца ад думак, што ў гэты самы момант, магчыма, мяняецца ўсё маё жыцьцё, але што я для іх насамрэч усяго толькі кацяня, маленькі адданы зьвярок. Я адчувала, што яны дзесь нада мною, што іх лучыць мінулае, будучае, повязі, якія няведамныя мне і ад якіх я вольная. Я наўмысна заплюшчыла вочы, паклала галаву ім на калені, засьмяялася разам зь імі, зноў увайшла ў сваю ролю. Зрэшты, а чаму б мне і ня быць шчасьлівай? Ан проста цуд, ёй не ўласьцівыя ніякія дробязныя памкненьні. Яна будзе кіраваць мною, здыме зь мяне цяжар адказнасьці за мае ўчынкі, што б ні здарылася, дапаможа выбрацца на правільную дарогу. Я стануся самой дасканаласьцю, а заразом і мой бацька.

Поўнасьцю гэты ўрывак з раману можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Пераклад з францускай Ніны Мацяш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0