У нядзелю на менскім стадыёне «Дынама» за тур да фінішу можа вырашыцца лёс залатых мэдалёў нацыянальнага першынства
На матч 28-га туру, што прайшоў 25 кастрычніка, менскае «Дынама» адправілася ў Салігорск да тамтэйшага «Шахцёра». Гарнякі да гэтага матчу 60 гульняў запар (са жніўня 2000 году!) у чэмпіянаце нікому не саступалі на сваім полі. Але ў панядзелак традыцыя была зламаная. «Дынама» перамагло зь лікам 1:0.
БАТЭ ў гэты дзень без асаблівых праблем перамагло ў Барысаве мазырскую «Славію» — 4:0.
Цяпер становішча за два туры да фінішу такое: «Дынама» мае 69 балаў, БАТЭ — 67, «Шахцёр» — 61.
У наступным туры, які пройдзе 31 кастрычніка, можа вырашыцца лёс залатых мэдалёў чэмпіянату. На галоўнай арэне Беларусі сустрэнуцца ўладальнікі ўзнагарод мінулага першынства — «бронзавае» менскае «Дынама» і «сярэбранае» барысаўскае БАТЭ. «Дынама» мае адпомсьціць за мінулагоднюю аплявуху ў апошнім туры, атрыманую ў сталіцы ад Барысава, — 0:4.
Менску патрэбна толькі перамога, бо ў апошнім туры, 7 лістапада, давядзецца гуляць у гасьцях зь віцебскім «Лякаматывам», які адчайна змагаецца за прапіску ў вышэйшай лізе. А БАТЭ ў апошнім туры, хутчэй за ўсё, пераможа, бо гуляе зь менскім «Тарпэда-СКА», якое ўжо страціла ўсялякую матывацыю.
Вось такая інтрыга ў нашым футбольным першынстве. Бо рэальная цана беларускаму футболу — у сустрэчах на эўраарэне: матчах Лігі чэмпіёнаў і Кубку УЭФА.
Сёлета нашы клюбы дружна павыляталі яшчэ ў першым раўндзе кваліфікацыі .
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
Алег Раявец