Памятны камень з прысьвячэньнем маршалу Пілсудзкаму зьнік зь лесу пад Буцькамі, што на Вялейшчыне, напярэдадні задуманага перавозу яго на тэрыторыю польскага пасольства ў Менску.

Амбасада запатрабавала тлумачэньняў ад беларускага МЗС. Валун адшукаў карэспандэнт «НН».

У красавіку амбасада Польшчы ў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры Польшчы атрымала ад уладаў Вялейскага раёну згоду на перанясеньне 800-кіляграмовага валуна з прысьвячэньнем маршалу Пілсудзкаму. Знайшоўся і спонсар, які меўся ажыцьцявіць транспартаваньне. Калі прадстаўнік пасольства выехаў на месца, аказалася, што каменя няма.

Камень быў усталяваны ў гэтым глухім кутку Вялейшчыны ў 1935 г., пасьля сьмерці Начальніка Дзяржавы. Ініцыятыва сыходзіла ад мясцовага насельніцтва. Помнік складаўся з трох частак, да нашага часу захавалася цэнтральная — валун з шыльдай на польскай мове: «Маршалку Юзафу Пілсудзкаму, 1935, які даў Польшчы свабоду, межы, моц і пашану». Вышэй надпісу мелася выява ордэну «Virtuti militari». Ля мясцовай школкі помнік і прастаяў да прыходу Чырвонай Арміі.

Новая ўлада сьцягнула яго за вёску, вайной згарэла школа, а камень на доўгія гады застаўся за гародам жыхаркі Буцькаў, якая й глядзела яго, не даючы схавацца пад дзірваном. Апроч навакольных сялян аб існаваньні яго ведалі толькі краязнаўцы-аматары.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Усевалад Сьцебурака

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0