Пасьля 17 кастрычніка Лукашэнка закрыў для сябе шлях да паразуменьня з апазыцыяй.

Кароткая, але бурлівая кампанія 2004 г. па выбарах ПП НС і правядзеньні рэфэрэндуму скончылася. Хутка зьнікне з экранаў тэлевізараў Лідзія Ярмошына і часьцей загучаць рэпартажы пра гаспадарчыя праблемы. Жыцьцё вяртаецца ў звыклае рэчышча. Народу прапанавалі паверыць у нешта непраўдападобнае але пажаданае для адных і ненавіснае для другіх. Сацыёлягі хутка назавуць іншыя, больш праўдападобныя лічбы тых, хто паверыў, і тых, хто не. Але гэта ня будзе мець ніякіх наступстваў. Стабільнасьць па-беларуску. Тэма палітычнага самаадчуваньня ППРБ, аднак, з гэтага часу робіцца найважнейшаю.

Як гэты чалавек пакіне самую высокую дзяржаўную пасаду ў Беларусі? Добраахвотна? Прымусова? Ці будзе разарваны паўсталым народам дзеля выкупленьня грахоў? Ніводная з гэтых магчымасьцяў ня выключаная. Нават першая, найменш імаверная, улічваючы любоў Аляксандра Рыгоравіча да ўлады. Але ж ён можа стаміцца. Можа расчаравацца, бо цяжкасьцяў будзе паўставаць перад ім усё болей. Міжнародная ізаляцыя, эканамічныя санкцыі, неразуменьне ў Крамлі. Урэшце, ён можа проста зразумець тупіковасьць абранага шляху. Можа падумаць пра будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў. Выбраць мяккі талерантны спосаб разьвітаньня з уладаю ніколі ня позна. Ёсьць жа прыклад Аўгуста Піначэта. Таго, праўда, натхніў на гэты мужны крок Папа Рымскі. Неймаверна, каб Патрыярх Маскоўскі зрабіў нешта падобнае ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі. І справа ня толькі ў розным стаўленьні вышэйшых ярархаў усходняй і заходняй хрысьціянскай царквы да дыктатуры як формы ўлады. Вялікае значэньне мае і сіла веры саміх дыктатараў. А.Лукашэнка да сёньняшняга дня не дэзавуіраваў сваё самаазначэньне як «праваслаўнага атэіста».

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Юры Хадыка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0