Міхась Біч у 1960-ыя

Сёлета гісторыку Міхасю Бічу магло б споўніцца 70 гадоў.

Раптоўная сьмерць у 1999 г. перарвала жыцьцё чалавека, які ў другой палове 80‑х — пачатку 90‑х быў адным з найбольш актыўных прыхільнікаў пераменаў у беларускай гістарычнай навуцы, непасрэдна прычыніўся да краху пракамуністычнай і прарасейскай трактоўкі беларускай мінуўшчыны, якая пазбаўляла беларусаў права на самастойную будучыню. Намесьнік дырэктара Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук, прафэсар Міхась Біч узначальваў навуковы калектыў па распрацоўцы нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі, якая перадвызначала асноўныя кірункі гістарычных дасьледаваньняў у 90‑я.

Апошняя нашая сустрэча са спадаром Міхасём адбылася на пачатку траўня 1999 г. Размова ішла пра неабходнасьць напісаньня рэцэнзіі на школьныя падручнікі гісторыі Беларусі для 8 клясы. Апроч падручніка Міхася Біча (1997), напісанага ў межах нацыянальнага дыскурсу, у школьныя бібліятэкі паступіў падручнік Васіля Філімонава. Аўтар спрабаваў вярнуць у сыстэму школьнай гістарычнай адукацыі савецкія ідэалягемы. Гэтая тэндэнцыя моцна хвалявала Міхася Біча.

Ён быў актыўным удзельнікам тых «баёў за гісторыю», якія разгарнуліся ў Беларусі ў 90‑я і працягваюцца да сёньня. Ён удзельнічаў у дыскусіях, абараняючы «беларускасьць» Кастуся Каліноўскага і Францішка Багушэвіча, якіх Уладзімер Казьбярук залічыў у «фальшывыя маякі і міражы» айчыннай гісторыі. Пратэставаў і спрачаўся з прафэсарам Валерыем Чарапіцам, прыхільнікам «заходнярускага» бачаньня беларускай гісторыі. Выкрываў павярхоўнасьць і нізкі навуковы ўзровень тэкстаў падручніка гісторыі Беларусі для студэнтаў ВНУ пад рэдакцыяй Яўгена Новіка і Георгія Марцуля (1998). Разам з дырэктарам Інстытуту Міхасём Касьцюком адказваў на «пагромныя» артыкулы‑даносы прафэсара Пятра Петрыкава, які вінаваціў кіраўніцтва Беларускай энцыкляпэдыі і Інстытуту гісторыі ў «русафобіі».

Праблемы зь дзяржаўнымі ідэолягамі ды іх дублёрамі з навуковага асяродзьдзя ў Міхася Біча былі і раней. Ужо адна зь першых публікацый малодшага навуковага супрацоўніка Інстытуту гісторыі выклікала абурэньне партыйных кантралёраў. Малады дасьледчык у артыкуле «Ў змаганьні за лепшую долю (да 60‑годзьдзя газэты «Наша доля»)» (Полымя. 1966, № 8) паказваў навуковую неабгрунтаванасьць ідэалягічных клішэ («рэакцыйнасьць», «буржуазны нацыяналізм», «здрада беларускаму народу» і г.д.), замацаваных за беларускім Адраджэньнем. Ня меншае абурэньне «гісторыкаў‑прапагандыстаў» выклікалі публікацыі М.Біча, у якіх разглядалася месца і роля БУНДу ў рабочым руху Беларусі. Чуліся галасы, што аўтар ставіць пад сумнеў «марксісцка‑ленінскую навуку пра гегемонію пралетарыяту». Але дасьледчык не саступіў. І ў тыя гады, і пазьней ён будзе праяўляць пасьлядоўную неталерантнасьць да прафэсійнай некампэтэнтнасьці калегаў.

У 1986 г. Міхась Біч быў адным з аўтараў «ліста дваццаці васьмі» да Генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова. Яго аўтары, прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, упершыню ў савецкай пасьляваеннай гісторыі адкрыта выступілі ў абарону беларускай мовы і самой нацыі, якая ў выніку палітыкі савецкага «інтэрнацыяналізму» аказалася на мяжы духоўнай сьмерці. У лісьце прапаноўвалася ўвядзеньне беларускай мовы ў якасьці рабочай у партыйныя і дзяржаўныя органы ўлады.

Сёньня катастрафічна не хапае такіх людзей, як Біч.

Якраз адсутнасьць супраціву абярнулася фактычным зьнішчэньнем Інстытуту гісторыі АН як навуковай установы. Пазыцыя сучаснага кіраўніцтва Інстытуту (дырэктар праф. А.Каваленя) ня мае нічога супольнага з клопатам пра разьвіцьцё гістарычнай навукі. Гэта, хутчэй, клопат пра яе ліквідацыю. Многія дасьледчыкі, працы якіх сталі значным унёскам у беларускую гістарыяграфію рубяжа стагодзьдзяў, былі змушаныя пакінуць Інстытут. Як падаецца, сучасную адміністрацыю Інстытуту хвалюе ня столькі навуковая вартасьць працаў ягоных супрацоўнікаў, колькі іх палітычная пазыцыя.

    …Ах, кампрамісы, кампрамісы —
    Стратэгій тонкая гульня.
    А ўжо душу халоднай пысай
    Вынюхвае шпікоў гайня.
    І ўжо ўсучыць лаўчыцца вораг
    Cвае паскудныя дары.
    І ўжо сырэе гнеўны порах.
    І ўжо тупеюць тапары.
    А потым будзе кроў дыміцца,
    Удараць боты па касьцях…
    Ах, кампрамісы, кампрамісы!..
    І рукі выпускаюць сьцяг…
    Г.Бураўкін

Зрэшты, гісторыя не заканчваецца сёньняшнім днём. Беларускія гісторыкі ведалі і больш цяжкія часы. Хочацца спадзявацца, што памяць пра такіх дасьледчыкаў, як Міхась Біч, будзе гарантыяй нармалізацыі беларускай навукі і вяртаньня навукоўцаў да сваіх непасрэдных абавязкаў, а менавіта да навуковага вывучэньня мінулага краіны і народу.

Алесь Смалянчук

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0