У адрозьненьне ад Эўропы, у Амэрыцы вера чалавека — зусім не прыватная справа кожнага, і тым больш прэзыдэнта. Ад кожнага кандыдата ў прэзыдэнты Штатаў чакаецца глыбокая павага да веры сваіх суграмадзян. А яны вераць у Бога і ў сусьветную місію ЗША, пакліканых распаўсюдзіць амэрыканскія каштоўнасьці свабоды і дэмакратыі на ўвесь сьвет. Выбар Джорджа Ўокера Буша, серадняка ва ўсім, акрамя палымянай веры ў Амэрыку і яе каштоўнасьці, — гэта выбар грамадзянамі ЗША мэсіянскай ролі для сваёй краіны.

Джорджа Буша і амэрыканцаў не зразумець без паваротнай падзеі найноўшай гісторыі Штатаў — атакі на Сусьветны гандлёвы цэнтар. Яна стала вызначальнай ня толькі ў палітычнай дзейнасьці прэзыдэнта, але таксама для яго асабістых поглядаў і нават веры. 11 верасьня стала своеасаблівым днём перамяненьня амэрыканскага мэсіянізму. Час выбраў Буша, а Буш убачыў сваю місію ня толькі ў абароне ўласнай краіны ад тэрарызму, але ў поўнай перамозе над сусьветнымі сіламі зла. Вайна ў Іраку мела для амэрыканскага прэзыдэнта прынцыповае значэньне.

Рэлігійнасьць Джорджа Буша супадае з агульнай рэлігійнасьцю амэрыканцаў. Ён зьяўляецца вернікам традыцыйнай амэрыканскай Мэтадысцкай царквы. У сваёй праграме Буш заўсёды падкрэсьліваў, што зьяўляецца староньнікам моцнай сям’і, дый сам ён надзейны сем’янін. Са сваёй жонкай Лаўрай яны разам ужо 27 гадоў, маюць дзьве дачкі. Вядомае нэгатыўнае стаўленьне Буша да гомасэксуальных шлюбаў. Зь іншага боку, ён прыхільнік сьмяротнага пакараньня. Як губэрнатар Тэхасу, Буш не падпісаў ніводнага памілаваньня, а ў штаце было выканана найбольш сьмяротных прысудаў у Амэрыцы. Бо Буш ведае, што такое дабро і што такое зло, ён не з эўрапейцаў і ня з постмадэрністаў, для якіх усё адносна і няма абсалюту, акрамя чалавечага жыцьця. І Бушава дабро лічыць патрэбным змагацца са злом любымі сродкамі, у тым ліку агнём і мячом. Гэтае змаганьне будзе рухаць сусьветную гісторыю наступныя чатыры гады. За Багдадам прыйдзе чарга Тэгерану, а мо і Пхеньяну. Амэрыка гатовая несьці свае каштоўнасьці на ўсе кантынэнты. Яна верыць у Буша і сябе.

Алесь Трафіменка, Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0