Пытаньне квоты на беларускую музыку прынцыповае.

Павінны мы ці не павінны абараняць нацыянальную культуру заканадаўча? Чужая яечня вечна ці ня вечна? 50% беларускай музыкі ў рэальнасьці азначалі ня больш, чым проста зьяўленьне лічаных працэнтаў беларускіх і адзінкавых беларускамоўных кампазыцый у дзённым эфіры. І 75% будзе значыць ня больш як адноснае павелічэньне гэтых малых лічбаў. Гэта як з мовай: пасьля ўвядзеньня дзьвюхмоўя ніякага раўнапраўя моваў не засталося. Пануе расейская, носьбіты беларускай не наважваюцца размаўляць на ёй нідзе па-за кватэрай. Калі ж дзяржаўнаю была адна беларуская мова, краіна паволі набліжалася да рэальнага раўнапраўя.

Праціўнікі квотаў гавораць аб парушэньні раўнапраўя, але ў рэальнасьці гарантаваць мінімальныя ўмовы для разьвіцьця беларускай музыкі могуць толькі квоты. Прычым квоты для дзённага эфіру, якія б абумоўлівалі наяўнасьць 40% беларускамоўных песень.

Узровень? Мне заўжды здавалася, што прымітыўнейшай за цяперашнюю FMную папасу можа быць толькі творчасьць узорнага ансамблю бабуінаў-балалаечнікаў. Заўважу, што Скрыпка ва Ўкраіне стаў тым, кім ёсьць цяпер, толькі празь некалькі гадоў пасьля ўкраінізацыі мэдыяў. Калі мы хочам якаснага культурнага прадукту, трэба спачатку стварыць попыт на яго.

Няма якасных запісаў, студый? Гэта пытаньне тэхнікі, пра якое, урэшце, могуць паклапаціцца самі станцыі. Такія інвэстыцыі акупяцца. Хто вінаваты, што ляўрэаты «Басовішча» запісваюцца не на «Альфе», а на правінцыйным радыё «Беласток»?

Тое, што рабілася ў FM-сфэры, — ніводнага беларускамоўнага радыё, ніводнае беларускае песьні і «тэлефанаваньні па-беларуску не падыходзяць пад наш фармат» — іначай як культурным фашызмам не назавеш. Фашызмам, які элегантна душыць культурную альтэрнатыву.

Сваімі аргумэнтамі супраць 75% радыйшчыкі вешаюць локшыну на ўласныя вушы. Сёньня найпрасьцей зарабляць на чужой папсе. Як на перакупных апэрацыях найпрасьцей было ствараць пачатковы капітал. Але ўкладаньні ў вытворчую сфэру таксама выгадныя. І непазьбежныя, калі хочаш мець стабільны рынак. У пэрспэктыве раскрутка сваёй музыкі прывядзе ня толькі да памнажэньня культурных здабыткаў, але і да грашовых прыбыткаў, як ва Ўкраіне й Літве, якія аналягічныя захады пазытыўнай дыскрымінацыі ўвялі яшчэ 10 гадоў таму.

Абарона культурнае адметнасьці Беларусі — гэта тая галіна, дзе дзяржава ня толькі мае права, але і абавязана навязваць квоты.

Барыс Тумар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0